Niezalezna.pl са спасылкай на FilaryBiznesu.pl піша аб праблемах крамаў з касамі самаабслугоўвання. На іх здараецца шмат памылак сканавання і крадзяжоў тавару. Акрамя таго, на думку амерыканскіх навукоўцаў, якія правялі адпаведнае даследаванне, «стандартная каса», на якой сядзіць касір, робіць кліентаў больш лаяльнымі ў адносінах да крамы, яны з большай верагоднасцю вернуцца ў яе, чым тады, калі самі прабʼюць тавары на касе. Таму ўсё больш крам у ЗША адмяняюць сістэмы самаабслугоўвання на касах.
На думку экспертаў, кліенты адчуваюць сябе больш камфортна пры выкарыстанні звычайнай касы, таму што гэта патрабуе менш намаганняў – касіры займаюцца працэсам сканавання, упакоўкі і аплаты. Апытанне таксама паказала, што рэгулярныя пакупкі дазваляюць кліентам адчуваць, што яны атрымліваюць паслугу, на якую яны маюць права як пастаянныя кліенты гэтай крамы.
«Высілкі, якія неабходна ўкласці пры аплаце ў аўтаномнай касе, выклікалі зніжэнне лаяльнасці да крамы», – адзначаецца ў заключэнні.
Тым не менш, даследчыкі мяркуюць, што рознічныя гандляры могуць павысіць лаяльнасць кліентаў да крам з сістэмамі самаабслугоўвання, калі ім удасца пераканаць пакупнікоў, што большыя намаганні вартыя ўзнагароды, напрыклад, праз пашырэнне сістэмы бонусаў.
Касы самаабслугоўвання былі ўведзеныя, каб скараціць выдаткі на аплату працы касіраў, але аказалася, што такія сістэмы прыводзяць да большых страт тавараў з-за памылак пакупнікоў і крадзяжоў. Таму ўсё больш крамаў пачынае ад іх адмаўляцца.
нг