Беларуская Служба

У Польшчы замежныя кампаніі скупляюць цэлыя дамы і нават кварталы з прызначэннем на арэнду

31.01.2024 18:04
Актуальна на польскім рынку працуе каля 20 замежных гаспадарчых суб'ектаў, якія спецыялізуюцца ў гэтай галіне.
Жылы домShutterstock/TheHighestQualityImages

У той час, калі палякам становіцца ўсё цяжэй здзейсніць мару пра ўласную кватэру, замежныя кампаніі скупляюць цэлыя дамы ў Польшчы. Для прыкладу, так зрабіла кампанія Van der Vorm Group у варшаўскім раёне Прага. Кватэры будуць прызначаныя для арэнды, паведамляе эканамічны партал Business Insider.

Палякі скардзяцца на праблемы з набыццём кватэр, урады спрабуюць вырашыць пытанне, а замежныя бізнес-структуры проста скупляюць цэлыя дамы альбо нават жылыя кварталы, піша рэсурс.

«Нідэрландскі інвестыцыйны фонд Van der Vorm Group паспяхова завяршыў здзелку па набыцці 119 кватэр на вуліцы Сяніцкай», – напісала кампанія ў прэс-рэлізе.

Увесь набыты дом будзе выкарыстоўвацца для арэнды. Старшыня праўлення фонду Рэнэ Вартмейер сказаў, што актуальна кампанія займае пазіцыі лідара на рынку камерцыйнай арэнды кватэр у Польшчы. Прычым нідэрландская фірма плануе працягваць інвеставаць у рынак арэнды жылля ў Польшчы, паколькі тут бачыць шмат магчымасцей. «Мы арыентуемся на стратэгічныя месцы: побач са станцыямі метро і вакзаламі, побач з універсітэтамі і цэнтрамі гарадоў», – сказаў Вартмейер.

Нідэрландцы – толькі адзін з прыкладаў развіцця рынку арэнды кватэр кампаніямі. Актуальна на польскім рынку працуе каля 20 замежных гаспадарчых суб'ектаў, якія спецыялізуюцца ў гэтай галіне. Капітал паходзіць, сярод іншага, з Германіі, Ізраіля, ЗША і скандынаўскіх краін. Субʼекты з ПАР і Японіі таксама ўважліва сочаць за польскім рынкам.

Раней не раз паведамлялася, што інвестыцыйныя фонды выкуплялі цэлыя шматкватэрныя дамы ці жылыя комплексы. Прыкладам была, між іншым, інвестыцыя на адной з вуліц у прэстыжным варшаўскім раёне Макотаў, паведамляе эканамічны партал Business Insider.

вс