Беларуская Служба

Пратэсты фермераў прымушаюць ЕС зразумець, што харчовая бяспека можа стаць сапраўднай праблемай

02.02.2024 17:56
Сітуацыя складаная не толькі ў Польшчы, таксама ў іншых краінах. 
   .     , ,   .
Пратэсты фермераў у Італіі. Пратэсты пракаціліся таксама па Польшчы, Францыі, Германіі ды Бельгіі.Фота: PAP/EPA/MATTEO CORNER

Партал Forsal.pl прыводзіць меркаванне польскага міністра сельскай гаспадаркі наконт пратэстаў фермераў у розных краінах Еўрасаюза. Ён адзначыў, што пратэсты прымушаюць чыноўнікаў ЕС зразумець, што харчовая бяспека можа стаць сапраўднай праблемай.

Чэслаў Сякерскі (Czesław Siekierski) удзельнічаў у сустрэчы, прысвечанай польскаму садоўніцтву. Адказваючы на пытанне, што трэба зрабіць для павышэння рэнтабельнасці вытворчасці садавіны, ён назваў тры фактары: спыніць бескантрольнае паступленне сыравіны і прадуктаў з-за межаў Польшчы, старацца панізіць выдаткі і пашукаць новыя рынкі збыту прадукцыі.

Міністр таксама спаслаўся на прапанову Еўракамісіі, якая вырашыла падоўжыць тэрмін, на які былі адмененыя пошліны і квоты на імпарт з Украіны, яшчэ на год. Прапанова Еўракамісіі аб лібералізацыі гандлю з Украінай таксама прадугледжвае «ахоўны механізм» у выпадку значных збояў на рынках ЕС.

«Многія з нашых заўваг рэалізаваныя, але мы не ў поўнай меры задаволеныя», – адзначыў міністр.

Паводле словаў Сякерскага, неабходна, між іншым, падоўжыць базавы перыяд, за якога будуць разлічвацца ліміты на імпартную прадукцыю. Згодна з пачатковай прапановай, датычнай найбольш уразлівых тавараў – птушкі, яек і цукру, сярэдні імпарт павінен быць захаваны на ўзроўні 2022 і 2023 гадоў.

«Мы хочам, каб гэты тэрмін быў падоўжаны. Мы будзем працягваць размовы», – дадаў міністр, падкрэсліўшы, што Польшча працягне таксама весці двухбаковыя перамовы з Украінай.

Сякерскі адзначыў, што пратэсты фермераў дапамаглі весці перамовы з Еўракамісіяй, а праблема з паступленнем сельгаспрадукцыі з Украіны прымусіла «прачнуцца Еўракамісію». Ён адзначыў, што сітуацыя складаная не толькі ў Польшчы, але таксама ў Францыі ці Германіі. Таму, як ён падкрэсліў, неабходна клапаціцца аб інтарэсах еўрапейскіх вытворцаў, тым больш, што правілы так званага «Зялёнага парадку», якія ўводзіць ЕС, прадугледжвае «шмат нерацыянальных змен, якія занадта дорага каштуюць фермерам».

«Усе гэтыя патрабаванні не дзейнічаюць ні ва Украіне, ні ў Бразіліі, ні ў Аргенціне, адкуль мы імпартуем прадукцыю», – сказаў ён. Аднак «усе паступова разумеюць, што харчовая бяспека можа апынуцца пад пагрозай», і пандэмія паказала, што, нягледзячы на глабалізацыю, «не ўсё можна купіць, не ўсё можна прадаць, часам нешта можа проста не дайсці».

нг