Больш чым на 1 000 працэнтаў у мінулым годзе павялічылася кантрабанда цыгарэт з Беларусі. Пасля кароткага застою, галоўны «экспартны прадукт» рэжыму Лукашэнкі зноў плыве за мяжу, паведамляе Rzeczpospolita. Газета адзначае, што ўшчыльненне мяжы з Беларуссю, то бок плот, электроннае забеспячэнне і патрулі функцыянераў абмежавалі кантрабанду людзей, але не спынілі дзейнасці арганізаваных злачынных групаў, якія зараз сканцэнтраваныя на кантрабандзе праз легальныя пункты пропуску.
Паводле справаздачы Галоўнай камендатуры Памежнай службы, у 2023 годзе памежнікі і функцыянеры іншых службаў канфіскавалі кантрабандныя тавары з Беларусі на агульную суму 30 мільёнаў злотых (амаль 7 мільёнаў еўра) – годам раней, гэта было на 5,8 мільёна злотых (амаль 1 мільён 350 тысяч еўра).
«Дзе ўрады рэзка абкладаюць падаткамі пэўныя тавары, туды іх інтэнсіўна пастаўляюць злачынныя групоўкі. Паколькі ў Беларусі такія групоўкі часткова санкцыянаваныя афіцыйнымі ўладамі краіны, нядзіўна, што маштабы кантрабанды ў Польшчу растуць, пра што сведчыць і статыстыка канфіскаваных польскімі службамі тавараў», – кажа старшыня Цэнтра імя Адама Сміта доктар Анджэй Садоўскі.
Паводле выдання, агульны кошт нелегальных тавараў, выяўленых летась Памежнай службай Польшчы (разам з Нацыянальнай падатковай адміністрацыяй), павялічыўся ўдвая – з 216 мільёнаў злотых (больш за 50 мільёнаў еўра) у 2022 годзе да 435 мільёнаў злотых(амаль 101 мільён еўра) у мінулым годзе. У тым ліку, цыгарэтаў выяўлена на траціну больш, алкаголю – на адну пятую больш. Вырасла таксама колькасць аўтамабіляў, нелегальна ўвожаных на тэрыторыю Польшчы.
«Кантрабада на мяжы з трыма краінамі: Украінай, Беларуссю і Расіяй была ўдвая большая, Гаворка ідзе пра рост кошту тавараў з 22 мільёны злотых (больш за 5 мільёнаў еўра) да амаль 50 мільёнаў злотых(больш за 11,5 мільёна еўра). Гэта тычыцца ў асноўным Беларусі, дзе дамінавалі цыгарэты. Кошт выяўленай кантрабанды павялічыўся на больш за 100 разоў – з 2 мільёнаў злотых (амаль 500 тысяч еўра) у 2022 годзе да ажно 24 мільёнаў злотых( больш за 5,5 мільёна еўра) у мінулым годзе, чытаем у справаздачы польскай Памежнай службы.
аз