Беларуская Служба

Польшча самы буйны вытворца бытавой тэхнікі ў ЕС

05.03.2024 15:38
Зменшыўся попыт у Заходняй Еўропе, адначасова канкурэнцыя з Кітаем і Турцыяй становіцца ўсё большай.
Крамаhttps://www.plazarzeszow.pl/media/3228/rtveuro2.jpg

За мінулы год у Польшчы было выраблена амаль 26 мільёнаў адзінак бытавой тэхнікі на суму каля 26 мільярдаў злотых (6 млрд еўра). У той жа час вытворчасць на заводах у краіне скарацілася ў гадавым вылічэнні на 11 працэнтаў.

Польшча з’яўляецца найбуйнейшым вытворцам бытавой тэхнікі ў Еўрапейскім Саюзе і другім у свеце экспарцёрам бытавой тэхнікі. Заводы пастаўляюць каля 40 працэнтаў буйной бытавой тэхнікі ва ўсёй Супольнасці, галоўным чынам гэта пральныя машыны, сушылкі для бялізны, лядоўні і пасудамыйныя машыны.

Прадстаўнікі галіны кажуць, што 2023 год быў для іх цяжкім. Старшыня асацыяцыі працадаўцаў у сферы бытавой тэхнікі – APPLIA Polska Войцех Канэцкі (Wojciech Konecki) патлумачыў, што спад звязаны, сярод іншага, са зменамі на еўрапейскім рынку.

- Найперш зменшыўся попыт у Заходняй Еўропе, таму мы скарацілі вытворчасць. Адначасова канкурэнцыя з Кітаем і Турцыяй становіцца для нас усё большай. Мы скарачаем вытворчасць, а маглі б нарошчваць пастаўкі прадукцыі, бо нашыя магчымасці павялічыліся.

Таксама паменшаў попыт у самой Польшчы пасля перыяду вялікіх продажаў у  апошнія гады.

Цяпер у сектары бытавой тэхнікі ў Польшчы працуе каля 35 тысяч чалавек, пераважная большасць з іх – на заводах (каля 30 тысяч).

На думку старшыні APPLIA Polska, захаванне такой колькасці працоўных месцаў будзе магчымым пры ўмове паляпшэння вынікаў продажаў у бліжэйшыя гады. Пакуль што звальненняў не было, але заводы перасталі наймаць сезонных работнікаў.

 - Крызіс у нашым сектары працягваецца ўжо 2 гады. Мы можам пераводзіць работнікаў на іншыя пасады, аднак, калі крызіс працягнецца і сёлета не зможам адштурхнуцца ад дна, то прыйдзецца рабіць вялікія скарачэнні.

У Польшчы 35 заводаў па вытворчасці бытавой тэхнікі, большасць з іх каля Уроцлава і Лодзі. Паводле ацэнак асацыяцыі працадаўцаў у сферы бытавой тэхнікі – APPLIA Polska, сектар бытавой тэхнікі забяспечвае занятасць 110 000 чалавек у Польшчы. Гэта, у тым ліку, пастаўшчыкі матэрыялаў, прадаўцы і рамонтнікі.

Агулам экспарт вялікай бытавой тэхнікі з Польшчы ў 2023 годзе склаў прыкладна 23,5 мільярда злотых (5,5 млрд еўра) і быў на 13 працэнтаў ніжэйшы за мінулы год. З Польшчы было адпраўлена на экспарт 21 мільён адзінак буйной бытавой тэхнікі. Больш за палову польскага экспарту ідзе да пакупнікоў у Нямеччыне, Францыі, Вялікабрытаніі і Італіі.

яс