Беларуская Служба

Новыя магчымасці для развіцця турызму на Падляшшы: прадпрымальнікі могуць атрымаць да аднаго млн злотых ільготнага крэдыту

05.03.2024 16:03
Ільготныя крэдыты прызначаныя на пашырэнне бізнесу, на інвестыцыі ў новае абсталяванне і паслугі. 
,
Аграсядзіба,вёска Пухлы на польскім ПадляшшыПольскае радыё/Я.Смялоўская

Падляшскія малыя і сярэднія прадпрыемствы могуць падаваць заяўкі на ільготныя крэдыты для развіцця турызму. Прадпрымальнік можа атрымаць да 1 мільёна злотых з Еўрапейскіх фондаў для Усходняй Польшчы ў перыяд з 2021-2027 гг. Крэдыты будзе выдзяляць Фонд рэгіянальнага развіцця Падляшша ў Беластоку.

– Агульная сума на крэдытаванне на Падляшшы складае 33,3 мільёна злотых (7,7 млн еўра), з якіх 25,5 мільёна злотых (5,9 млн еўра)– гэта грошы з Еўрасаюза, – паведаміла Агнешка Кураеў (Agnieszka Kurajew), дырэктар Дэпартаменту пазык Падляшскага фонду рэгіянальнага развіцця.

Крэдыты прызначаныя для інвестыцый, напрыклад, для развіцця гасцявых дамоў, рэстаранаў, а таксама для стварэння новых паслуг як, напрыклад, пракат байдарак ці канатных паркаў.

Новыя прадукты і паслугі

 – У рамках праекта мы будзем выдзяляць ільготныя крэдыты, у прыватнасці на пашырэнне бізнесу, на інвестыцыі ў новае абсталяванне і паслугі. Як вынік  павінны выйсці на рынак новыя або ўдасканаленыя прадукты ці паслугі, –  адзначыла Агнешка Кураеў.

У Фондзе рэгіянальнага развіцця Падляшша мяркуюць, што крэдытам скарыстаюцца каля 60 прадпрыемстваў рэгіёну.

Крэдыты выдзяляюцца пад 2 або 1 працэнт, без камісіі, маюць ільготны перыяд для выплаты асноўнага капіталу да 12 месяцаў, а тэрмін пагашэння – максімум 7 гадоў.

У міністэрстве фондаў і рэгіянальнай палітыкі раней паведамлялі, што тэрміны пагашэння крэдыту могуць улічваць сезоннасць у турызме. Кожны прадпрымальнік мае права падаць заяўку на атрыманне двух крэдытаў.

яс/IAR/PAP