Беларуская Служба

Як гэта - кіраваць безмясным бізнесам у Польшчы, дзе асновай харчавання з'яўляецца мяса

18.03.2024 14:22
На пачатку прадрпымальнікі сутыкаліся з абвінавачаннямі, што вядуць «антыпольскую дзейнасць».
Rafał Czech i Igor Sadurski
Rafał Czech i Igor Sadurski крвніца: Bezmięsny Mięsny

Рафал Чэх і Ігар Садурскі восем гадоў таму заснавалі брэнд "Безмясны мясны" (Bezmięsny Mięsny), вырабляючы ежу расліннага паходжання са смакам мяса, чытаем на сайце businessinsider.com.pl. У цяперашні час іх прадукцыя прадаецца ў 14 краінах.

Прадпрымальнікі пачыналі, калі ім было 25 і 26 гадоў, у іх быў невялікі бюджэт, які яны значна павялічылі дзякуючы краўдфандынгавай кампаніі.

"У нас былі свае 3 тысячы злотых (700 еўра) з крэдытнай карты, і мы сабралі дадаткова 160 тысяч злотых (больш за 37 тысяч еўра)" - кажа Рафал Чэх

"З таго моманту, як мы пачалі вытворчасць, на працягу чатырох гадоў пастаянна знаходзіліся на хвалі росту," - адзначыў ён.

- Як гэта - кіраваць безмясным бізнесам у Польшчы, дзе асновай харчавання з'яўляецца мяса, пытае выданне.

Рафал Чэх, сузаснавальнік брэнда "Безмясны мясны" расказаў, што на пачатку, восем гадоў таму, яны сутыкаліся з рознымі абвінавачаннямі, у тым ліку наўпрост, што вядуць «антыпольскую дзейнасць» і хочуць знішчыць айчынную харчовую прамысловасць. "Цяпер гэтай катэгорыяй вытворчасці займаюцца ўжо не толькі дробныя, але і вельмі буйныя прадпрыемствы, у тым ліку і мясакамбінаты", падкрэслівае прадпрымальнік.

"Сусветная тэндэнцыя попыту на раслінныя прадукты вельмі моцная. Нягледзячы на ​​розныя перашкоды, у тым ліку на глабальную эканамічную сітуацыю, вытворчасць раслінных прадуктаў з'яўляецца адной з нямногіх, якая пастаянна расце і не зафіксавала зніжэння продажаў", расказвае Рафал Чэх.

Паводле яго, пакупнікамі іх прадукцыі ў асноўным з'яўляюцца людзі, якія жывуць у буйных гарадах, пераважна гэта жанчыны.

"У нас таксама ёсць кліенты, якія заяўляюць, што ядуць мяса кожны дзень, але вельмі ахвотна, час ад часу, купляюць нашую прадукцыю", расказаў у інтэрв'ю Business Insider адзін з заснавальнікаў брэнда "Безмясны мясны" Рафал Чэх.

яс