Беларуская Служба

Сярэдні заробак у Польшчы - 1 тыс. 845 еўра, і ён працягвае расці

20.03.2024 15:38
На першым месцы - горназдабываючая галіна, на другім - ІТ-сектар.
Польскі злотыAndrzej Rostek/Shutterstock

У Польшчы працягваюць расці заробкі. У лютым сярэдняя зарплата склала больш за 7 тыс. 978 злотых без выліку падаткаў і ўзносаў (1 тыс. 845 еўра). У параўнанні з мінулым годам рост зарплат склаў 13%, паведаміла Галоўнае статыстычнае ўпраўленне Польшчы.

Калі браць пад увагу рэальную зарплату і ўзровень інфляцыі, якая паступова ў Польшчы зніжаецца, то актуальны рост заробкаў – найбольшы цягам апошніх 10 гадоў. На днях Польстат паведаміў, што ў лютым рост цэн тавараў і паслуг склаў 2,8% у параўнанні з аналагічным месяцам мінулага года.

Найбольшыя заробкі ў Польшчы – у горназдабываючай прамысловасці. Сярэдняя зарплата ў гэтым сектары эканомікі склала 13 тыс. 984 злотыя без выліку падаткаў і ўзносаў (3 тыс. 234 еўра). На другім месцы – ІТ-галіна. У ёй сярэдні заробак склаў 13 тыс. 406 злотых (3 тыс. 100 еўра).

Найменшыя заробкі – у бюджэтнай сферы, а таксама ў галіне грамадскага харчавання і турызму.

З 1 ліпеня ў Польшчы чарговы раз будзе павышаны мінімальны заробак да 4 тыс. 300 злотых без выліку падаткаў і ўзносаў («на рукі» - 3 тыс. 261 злоты). У эквіваленце - 994 еўра і 754 еўра адпаведна.  

вс

Еўрастат апублікаваў дадзеныя па вакансіях у ЕС

19.03.2024 20:01
Польшча – сярод краін з найменшым паказчыкам даступных вакансій.