Урад Зімбабвэ пачаў закупку дарагіх аўтамабіляў для дэпутатаў і ў той жа час просіць свет выдзеліць яму два мільярды долараў, каб накарміць мільёны людзей, якім сёлета пагражае голад, паведамляе The Standard.
Паводле выдання, кожны дэпутат атрымае транспартны сродак коштам у 60 тысяч долараў, а кіраўнікі парламенцкіх камісій — аўтамабілі на 10 тысяч даражэйшыя.
Нагадваем, у Нацыянальнай асамблеі Зімбабвэ - 210 дэпутатаў, а кіруючы ў краіне «Зімбабвэйскі афрыканскі нацыянальны саюз — Патрыятычны фронт» мае большасць у дзве траціны. У гэтай паўднёваафрыканскай краіне 60 сенатараў.
Газета адзначае, што такім чынам частка дэпутатаў, якія былі пераабраныя ў парламент, атрымае ўжо трэцюю або чацвёртую машыну.
Гэта далёка не ўсе прывілеі заканадаўцаў у гэтай беднай афрыканскай краіне. У снежні 2022 годa ўсе дэпутаты атрымалі крэдыты на жытло на 40 тысяч долараў.
Між тым надоечы прэзідэнт Зімбабвэ Эмерсан Мнангагва абвясціў засуху нацыянальным стыхійным бедствам і папрасіў у свету два мільярды долараў неадкладнай гуманітарнай дапамогі.
Па дадзеных ААН, якая ўжо заявіла аб фінансавай падтрымцы, як мінімум чатыры мільёны жыхароў згаданай краіны знаходзяцца пад пагрозай голаду.
аз