Польская эканоміка развіваецца хуткімі тэмпамі. З 2015 года ВУП краіны ў пераліку на душу насельніцтва вырас на 33%, паведаміла Еўрапейская статыстычная служба Еўрастат. Лепшыя вынікі назіраюцца толькі ў краінах, якія з’яўляюцца афшорамі, паведамляе эканамічны партал Forsal. Актуальна ВУП Польшчы ў пераліку на душу насельніцтва складае каля 70% ад ВУП Італіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Швецыі і Нідэрландаў. Прычым розніца, якая дзеліць жахароў Польшчы ад краін Захаду, паступова змяншаецца, а пачынаючы з 2018 года яна – найменшая ў гісторыі. Што цікава, то на пачатку 1990-х гадоў польскі ВУП складаў усяго толькі 30% ад валавага ўнутранага прадукту заходніх краін.
Калі зірнуць у гісторыю, то ў часы ПНР розніца складала 40%, у даваеннай Польшчы – падобна. Падобная розніца як цяпер у гісторыі існавала даўным даўно – у часы каралёў Генрыка Валуа і Стэфана Баторыя. Тады ВУП Польшчы складаў прыкладна 60% ад ВУП такіх дзяржаў, як Італія, Вялікабрытанія, Францыя, Швецыя і Нідэрланды. Такім чынам, калі браць пад увагу дабрабыт палякаў, то актуальна – найлепшы перыяд эканамічнага развіцця ў гісторыі.
Апошнія гады ў Еўропе былі перыядам хуткага эканамічнага развіцця, асабліва сярод краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, і перш за ўсё тых, якія далучыліся да ЕС. Лідарам у развіцця з’яўляецца Ірландыя – пачынаючы з 2025 года яе ВУП вырас ажно на 60%. Другое месца заняла Мальта з узроўнем у 58%, а трэцяе – Кіпр (45%). А вось чацвёртае месца заняла Польшча з лічбай у 33%. Калі б не эпідэмія каранавіруса, вайна ва Украіне і энергетычны крызіс то рост ВУП быў бы большы. Больш за тое, усе краіны, якія апярэдзілі Польшчу, гэта афшоры, вядомыя сваім ліберальным падыходам да падатковай сістэмы і правілаў вядзення бізнесу.
Дарэчы, іншыя краіны сацлагера таксама развіваюцца нядрэнна ў эканамічным плане. Так, з 2015 года ВУП Румыніі вырас на 33%, Харватыі – амаль на 32%, Літвы – амаль на 27%, а Эстоніі – на 19%. Сярод краін заходняй Еўропы такім ростам можа пахваліцца толькі Данія, эканоміка якой за гэты перыяд вырасла амаль на 22%. Што цікава, то за эканамічным поспехам гэтай скандынаўскай краіны стаіць дацкі фармацэўтычны канцэрн Novo Nordisk, які вынайшаў лек на атлусценне. Дзякуючы гэтаму кампанія стала найдаражэйшай у Еўропе, заняўшы 14 месца ў свеце і апярэдзіўшы такіх гігантаў, як Tesla, Walmart, Exxon Mobil, Mastercard, Samsung, Toyota і Johnson & Johnson.
У той жа час ВУП Германіі вырас з 2015 года толькі на 8%, столькі ж – Фінляндыі, Італіі – на 8,5%, Францыі і Аўстрыі – на 9%, а Грэцыі – на 10,5%, зазначае партал Forsal.
вс