Беларуская Служба

Кіеў разрывае збожжавае пагадненне. Гэта кепскі знак для Польшчы

16.04.2024 13:01
Украіна вырашыла разарваць збожжавае пагадненне, якое гарантавала ёй бяспечны транспарт зерневых праз Чорнае мора. Гэтае ўстрывожыла польскіх палітыкаў.
  .
Збожжа ў зернясховішчы. Ілюстрацыйны здымак pixabay.com/Mexxicana

Ёсць перасцярогі, што цяпер Польшча можа стаць галоўным маршрутам экспарту збожжа для Украіны.

Шмат месяцаў ідуць польска-ўкраінскія перамовы наконт імпарту ў Польшчу ўкраінскіх прадуктаў сельскай гаспадаркі і іх транзіту ў ЕС праз краіну. Мінсельгасхарч не хаваў, што ўкраінскі бок займаў у перамовах жорсткую пазіцыю, а цяпер раптам высвятляецца, што сітуацыя можа яшчэ больш ускладніцца. Усё гэта звязана з паведамленнямі Reuters, у якіх гаварылася, што Кіеў разарваў збожжавае пагадненне з Расіяй, якое вялося на працягу апошніх двух месяцаў. Яго пашырэнне мусіла стварыць умовы для бяспечнай транспарціроўкі збожжа праз Чорнае мора.

Першае збожжавае пагадненне паміж Расіяй і Украінай было падпісана ў ліпені 2022 года, у дасягненні ўмовы дапамаглі ААН і Турцыя. Расія выйшла з пагаднення ў ліпені 2023 года, але затым да перамоў далучылася Турцыя і, паводле апошніх звестак, наступнае пагадненне павінна было быць падпісана 30 сакавіка 2024 года. Аднак гэтага не адбылося, і, як паведамляе Reuters, цяпер украінскі бок па невядомых пакуль прычынах вырашыў не падпісваць дамову.

Навіна пра гэта непакоіць кіраўніцтва польскага Міністэрства сельскай гаспадаркі.  

Як прызнаў намеснік міністра сельскай гаспадаркі Міхал Каладзейчак, сітуацыя сур’ёзная і да пытання трэба прыгледзецца ўважліва. Ён таксама адзначыў, што рашэнне Кіева пралівае новае святло на польска-ўкраінскія перамовы па тэме паставак сельгаспрадукцыі.

— Магу толькі сказаць, што гэта патлумачыла б, чаму Украіна паставілася так агрэсіўна і не захацела з намі заключаць дамову, бо насамрэч гэта так выглядала. Гэта многае тлумачыць, – кажа Міхал Каладзейчак.

І многае можа змяніцца. Без бяспечнага транспартнага калідора для свайго збожжа праз Чорнае мора Украіна можа дамагацца таго, каб яшчэ больш збожжа транспартавалася наземным транспартам. Гэта можа непасрэдна закрануць Польшчу.

Міністэрства плануе больш дэталёва разабрацца ў гэтым пытанні.

За час збожжавага пагаднення Украіна экспартавала праз Чорнае мора 32 мільёны тон збожжа.

forsal.pl/вх