Беларуская Служба

Калі ўдасца рэалізаваць мэты Зялёнага ладу, Расія страціць вялікую частку бюджэтных даходаў

19.04.2024 11:01
Важнейшай мэтай праграмы ЕС з’яўляецца адмова ад выкапнёвага паліва.
.      .
Ілюстрацыя. Еўропа паставіла перад сабой амбітныя задачы.Фота: shutterstock/vchal

Выданне Polityka асвятляе тэму так званага Зялёнага ладу – праграмы Еўрасаюза, якая апрацаваная перш за ўсё з мэтаю змяншэння шкодных выкідаў у атмасферу. Адным з яе асноўных пастулатаў з’яўляюцца змены ў сельскай гаспадарцы, між іншым, частку ворнай зямлі – адну дзясятую – трэба будзе часова выключаць з апрацоўкі, таксама трэба будзе зменшыць колькасць угнаенняў і пестыцыдаў.

У шматлікіх краінах Еўрасаюза ўспыхнулі пратэсты фермераў супраць гэтай праграмы. Выданне пераконвае, што фермеры на самой справе атрымліваюць ад ЕС значна больш, чым іншыя прафесійныя групы і чым уносяць у бюджэт. Доля сельскай гаспадаркі ў ВУП Польшчы складае толькі 2,5%, а дапамога аграрыям – гэта каля 5,5% валавога прадукту. Для параўнання, дзяржава выдаткоўвае на абарону 4 адсоткі ВУП.

Фермеры, якіх падбухторваюць некаторыя палітыкі, сталі ў сваіх поглядах моцна радыкальнымі. Акрамя Зялёнага ладу, яны выступаюць супраць украінскай сельгаспрадукцыі. Калі раней яны патрабавалі закрыць мяжу для такіх тавараў, дык цяпер хочуць, каб быў забаронены таксама транзіт. Яны мяркуюць, што таннае ўкраінскае зерне, якое павінна ехаць транзітам праз Польшчу, застаецца ўнутры краіны, паколькі тут яго выгадней прадаць.

На думку Барташа Урбаняка, эксперта банку BNP Paribas па сельгасрынках Еўропы і Афрыкі, пратэстамі фермераў маніпуліруюць расійскія агенты. Зялёны лад вельмі не падабаецца Расіі. Калі ўдасца рэалізаваць яго мэты, важнейшай з якіх з’яўляецца адмова ад выкапнёвага паліва, Расія страціць вялікую частку бюджэтных даходаў, і, адпаведна, сродкаў на вайну.

нг