Беларуская Служба

Лукашэнка крытыкуе польскія яблыкі. Што з экспартам?

23.04.2024 12:25
Падчас суботніка Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў польскія яблыкі. Але польскіх садаводаў непакояць не прыватныя меркаванні кіраўніка Беларусі, а праблемы з экспартам у гэтую краіну, нягледзячы на ​​прыпыненне эмбарга.
.
.Pixabay.com

Польшча з'яўляецца адным з найбуйнейшых вытворцаў яблыкаў у свеце. У 2021 годзе яна саступала ў гэтым плане толькі значна большым тэрытарыяльна Кітаю, Турцыі і ЗША.

Аднак экспарт скарачаецца. Яшчэ 10 гадоў таму Польшча штогод адпраўляла за мяжу больш за мільён тон дэсертных яблыкаў. Апошні раз такі вынік быў зафіксаваны ў 2017 годзе. У 2023 годзе з Польшчы было вывезена 782 тысяч тон дэсертных яблыкаў і 27 тысяч тон тэхнічных яблыкаў.

Пасля ўвядзення Расіяй эмбарга ў 2014 годзе роля краіны як аднаго з асноўных атрымальнікаў польскіх яблыкаў зменшылася, што вымусіла галіну шукаць новыя рынкі збыту. У снежні мінулага года Польшча экспартавала яблыкі ў 28 краін за межамі Еўрасаюза, сведчаць звесткі Асацыяцыі вытворцаў садавіны Рэспублікі Польшча. Усяго нашы яблыкі пастаўляліся прыкладна ў 77 краін.

Напрыканцы мінулага года найбуйнейшым імпарцёрам польскіх яблыкаў з-за межаў ЕС быў Егіпет, апярэдзіўшы ў гэтым пляне Індыю, Казахстан, Ярданію і Манголію.

Доўгі час дамінуючым рынкам збыту польскіх яблыкаў была Беларусь. Аднак усё змянілася з пастановай беларускага ўрада ад 6 снежня 2021 года, якая забараніла ўвоз у тым ліку польскіх яблыкаў і груш.

З таго часу было дзве «адлігі», і польскія яблыкі прапускалі праз мяжу па некалькі месяцаў у годзе, нагадвае сайт Sad24.

28 снежня 2023 года ўступіла ў сілу пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 26 снежня 2023 года № 934, якая зноў часова прыпыняе дзеянне забароны. Увоз свежых яблыкаў у Беларусь, як і летась, будзе дазволены з 1 красавіка па 31 ліпеня.

– Беларусь доўгі час была ключавым атрымальнікам польскіх яблыкаў. Будзем спадзявацца, што складаная палітычная сітуацыя больш не будзе перашкаджаць гандлёвым кантактам з гэтай краінай, – кажа ў інтэрв'ю euractiv.pl садавод з Мазавецкага ваяводства.

За першы тыдзень пасля прыпынення эмбарга, гэта значыць да 7 красавіка, польскія экспарцёры адправілі на беларускі рынак больш за 2191 тону яблыкаў. Аднак з 8 па 14 красавіка экспарт  склаў усяго 1800 тон.

«Зразумела, што ёсць праблемы з экспартам. Кампаніі, якія гандлююць яблыкамі, на жаль, пацвярджаюць, што ўсё не весела», — нагадвае сайт SadyOgrody.pl, дадаючы, што ў многіх выпадках праблема ў цане, «але самая вялікая праблема, верагодна, адбываецца на мяжы, грузавікі доўга чакаюць чэргі».

euractiv.pl/вх