Беларуская Служба

Пачаўся набор заявак на ўдзел у праграме падтрымкі ўсходніх рэгіёнаў Польшчы

07.05.2024 10:45
Мэта праграмы – дапамога рэгіёнам, якія змагаюцца з сацыяльна-эканамічнымі праблемамі ў сувязі з геапалітычнай сітуацыяй ва Усходняй Еўропе.
K
Kляштарны комплекс у Сейнах Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Гміны з сямі падляскіх паветаў і горада Сувалкі могуць падаваць заяўкі на субсідыі з «Урадавай праграмы развіцця паўночна-ўсходніх памежных тэрыторый 2024-2030». У 2024 годзе ў рэгіёне павінна быць размеркавана 25 мільёнаў злотых (амаль 6 мільёнаў еўра), паведаміла ваяводская ўправа.

Галоўная мэта праграмы – дапамога рэгіёнам, якія змагаюцца з рознымі сацыяльна-эканамічнымі праблемамі ў сувязі са складанай геапалітычнай сітуацыяй ва Усходняй Еўропе (вайна ва Украіне, міграцыйны крызіс на мяжы з Беларуссю і г.д.). Гаворка ідзе, між іншым пра, абмежаванне ў гандлі, зніжэнне колькасці турыстаў.

Праграма адрасаваная агулам 21 павету і чатыром гарадам з Вармінска-Мазурскага, Падляскага, Люблінскага і Падкарпацкага ваяводстваў. Ейны агульны бюджэт да 2030 года складае 500 мільёнаў злотых (амаль 116 мільёнаў еўра). У згаданым часе кожнае са згаданых ваяводстваў можа размеркаваць па 125 мільёнаў злотых (амаль 29 мільёнаў еўра). Згаданая сума падзеленая на асобныя гады і праекты, рэалізаваныя ў рамках праграмы.

У Падляскім ваяводстве ў 2024 годзе 15 мільёнаў злотых (амаль 3,5 мільёна еўра) прызначаецца на паляпшэнне дарожнай інфраструктуры і бяспекі на дарозе, 4 мільёны злотых (926 тысяч еўра) на інфраструктуру для аховы навакольнага асяроддзя, 2 мільёны злотых (463 тысячы еўра) на развіццё турызму і 4 мільёны злотых (926 тысяч еўра) на паляпшэнне інфраструктуры ў адукацыі і ахове здароўя.

У прыватнасці мясцовыя ўлады могуць падаваць заяўкі на фінансаванне будаўніцтва і рамонт мясцовых і раённых дарогаў, веладарожак, пешаходных тратуараў, парковак, аглядных пунктаў, сцежак і турыстычных цэнтраў, а таксама на інвестыцыі ў водазабеспячэнне і каналізацыю, устаноўкі для збору дажджавой вады, утрыманне вадаёмаў, стварэнне зялёных зон і г.д.

Сродкі атрыманыя ў рамках праграмы не могуць перавышаць 80 працэнтаў агульнага кошту інвестыцыі. Заяўкі на бягучы год павінны быць пададзеныя не пазней за 31 траўня.

Першапачаткова ў праграму ўваходзілі пяць паветаў Падляшша, але іх спіс быў пашыраны на гэтак званы Сувальскі перашыек. Такім чынам падаць заяўкі на падтрымку могуць органы мясцовага самакіравання з: Аўгустоўскага, Беластоцкага, Гайнаўскага, Сейненскага, Сямятыцкага, Сакольскага, Сувальскага паветаў і горада Сувалкі.

PAP/аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі