Выданне Do Rzeczy закранае тэматыку ўсё меншага маштабу выкарыстання наяўных грошаў на рынку.
Месяц таму Еўрапарламент прыняў пакет законаў, якія ўмацоўваюць інструменты ЕС дзеля барацьбы з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму. Плацяжы наяўнымі будуць магчымыя толькі да 10 000 еўра, хоць краіны-члены ЕС могуць панізіць гэты ліміт. Еўрапарламент мяркуе, што новыя правілы дадуць органам фінансавага кантролю больш паўнамоцтваў дзеля аналізу і выяўлення выпадкаў адмывання грошай і фінансавання тэрарызму, а таксама прыпынення падазроных аперацый.
Тэму абмеркавалі Павел Лісіцкі і Войцех Цэйроўскі. Іх высновы прыводзіць выданне. Лісіцкі распавёў, што нядаўна ён быў у Германіі і са здзіўленнем заўважыў, што ў некалькіх месцах можна разлічыцца толькі наяўнымі грашыма. І яму гэта вельмі спадабалася, паколькі, на ягоную думку, наяўныя – гэта сінонім свабоды і незалежнасці. Відаць, немцы больш гэта цэняць, чым палякі, якія ўсюды плацяць картачкай.
«Калі ў мяне ёсць грошы, нікога не павінна цікавіць, што я хачу з імі зрабіць. Калі я павінен даваць справаздачу камусьці, гэта абмежаванне майго права ўласнасці. Акрамя таго, мы бачым, што банкі робяць усё магчымае, каб людзі адмаўляліся ад выкарыстання наяўных», – звярнуў увагу Лісіцкі.
«Давайце пачнём карыстацца выключна наяўнымі. Каб не было, як у Чэхіі, дзе банкі не выдадуць наяўных грошай з рахунку чалавека, калі ён не паведаміць, навошта яму гэтыя сродкі», – дадаў Войцех Цэйроўскі.
нг