Беларуская Служба

Цэны на нафту падаюць — самы вялікі абвал за апошнія гады

30.04.2025 16:13
Гэта можа стаць выклікам для нафтавых кампаній і бюджэтаў краін, залежных ад экспарту нафты.
 .
Здабыча нафты. Ілюстрацыйны здымакptra/pixabay.com/CC0

Красавік стаў месяцам рэкорднага падзення цэн на нафту. Барэль нафты маркі Brent каштуе менш за 64 долары, а амерыканская WTI — крыху менш за 60 долараў. За месяц падзенне дасягнула 15% - паведамляе Forsal.pl.

Аналітыкі называюць некалькі асноўных прычын. Першая — гандлёвая вайна ЗША і Кітая, распачатая Дональдам Трампам, якая тармозіць сусветную эканоміку і памяншае попыт на энергарэсурсы. У Кітаі ўжо зафіксавалі наймацнейшую прамысловую рэцэсію з 2023 года — індэкс PMI упаў да 49 пунктаў, што сведчыць пра спад у вытворчасці.

Другая прычына — дзеянні краін OPEC+, якія змякчаюць ранейшыя абмежаванні на здабычу нафты. У наступным тыдні чакаецца пасяджэнне прадстаўнікоў картэлю, на якім, магчыма, будзе прынята рашэнне пра далейшае павелічэнне паставак.

Тым часам у ЗША попыт на нафту зніжаецца, а запасы растуць. Паводле дадзеных Амерыканскага інстытута паліваў, толькі за мінулы тыдзень запасы нафты павялічыліся амаль на 4 мільёны барэляў.

Аналітыкі папярэджваюць, што гандлёвыя канфлікты і рост здабычы могуць далей аказваць прэсінг на цэны. Гэта можа стаць выклікам для нафтавых кампаній і бюджэтаў краін, залежных ад экспарту нафты.

нг