Кампанія Orlen Upstream Norway, якая ўваходзіць у структуру польскага энергетычнага гіганта Orlen, выявіла новае радовішча нафты на тэрыторыі Нарвегіі, чытаем у выданні energetyka24.com. Паводле інфармацыі кампаніі, асноўнае радовішча E-prospect, размешчанае на ліцэнзійным участку PL212 побач з радовішчам Skarv, змяшчае прыкладна 3–7 млн барэляў нафты. Акрамя таго, падчас свідравання было знойдзена дадатковае, меншае радовішча, запасы якога ацэньваюцца ў да 2 млн барэляў.
Як адзначыў Веслаў Пругар, член праўлення Orlen, адказны за нафтагазавы сектар (upstream), "адкрыццё E-prospect пацвярджае значны патэнцыял рэгіёна Skarv для далейшага росту кошту Групы Orlen". Ён падкрэсліў, што радовішча знаходзіцца ў адным з галоўных вытворчых цэнтраў Orlen на Нарвежскім кантынентальным шэльфе.
Акрамя самога радовішча Skarv, у гэты вытворчы хаб Orlen уваходзяць і іншыя: Arfugl Nord, Grasel (у эксплуатацыі), а таксама Alve Nord, Idun Nord і Orn, якія знаходзяцца ў стадыі падрыхтоўкі да здабычы. Паводле польскай кампаніі, агульныя запасы рэгіёна Skarv перавышаюць 700 млн барэляў нафты ў эквіваленце. Шэраг адкрытых радовішчаў, у тым ліку E-prospect, чакаюць канчатковага рашэння аб іх далейшым выкарыстанні.
Хто валодае радовішчам Skarv:
- Equinor Energy — 36,2%
- Harbour Energy Norge — 28,1%
- Aker BP (аператар) — 23,8%
- Orlen Upstream — 11,9%
Orlen на нарвежскім шэльфе
Orlen Upstream Norway працуе на Нарвежскім шэльфе з 2007 года. На сённяшні дзень кампанія эксплуатуе 20 радовішчаў і вядзе падрыхтоўчыя работы на яшчэ васьмі, каб запусціць там здабычу.
Група Orlen — багатапрофільны энергетычны холдынг, які валодае нафтаперапрацоўчымі заводамі ў Польшчы, Чэхіі і Літве, а таксама сеткай аўтазаправачных станцый у Польшчы, Германіі, Аўстрыі, Славакіі і Венгрыі. Кампанія актыўна развівае здабычу нафты і газу, хіміка-перапрацоўчую прамысловасць, а таксама сектар электраэнергетыкі, у тым ліку на аснове аднаўляльных крыніц. У планах — развіццё ядзернай энергетыкі на базе малых модульных рэактараў (SMR).
эж