Беларуская Служба

З 1 чэрвеня можна будзе складаць спісы прафесій, па якіх нельга браць на працу замежнікаў

23.05.2025 15:43
Эксперты і чыноўнікі запэўніваюць, што на дадзены момант ніхто не стварае такіх спісаў, і пакуль беспрацоўе ў Польшчы застаецца на рэкордна нізкім узроўні, рызыка іх стварэння невялікая.
 -    ,    .
Касір - гэта адна з прафесій, якую часта выбіраюць замежнікі. Фота: Pixabay.com/MaxFro

Новыя правілы працаўладкавання замежнікаў уступаюць у сілу ў чэрвені. Яны прадбачваюць новы інструмент — спісы прафесій, па якіх нельга будзе ўладкоўваць іншаземцаў. Такія спісы змогуць складаць як мясцовыя ўлады, так і ўрад для вырашэння раптоўных крызісаў, звязаных, напрыклад, з масавым звальненнем.

У спісы могуць быць дададзены пэўныя прафесіі, такія як прадаўцы або ІТ-спецыялісты, але таксама можна будзе абмежаваць колькасць выдадзеных дазволаў. Эксперты і чыноўнікі запэўніваюць, што на дадзены момант ніхто не стварае такіх спісаў, і пакуль беспрацоўе ў Польшчы застаецца на рэкордна нізкім узроўні, рызыка іх стварэння невялікая.

– Калі казаць пра патэнцыйныя прафесіі, на якія могуць распаўсюджвацца абмежаванні, то, на маю думку, гэта могуць быць галіны, у якіх колькасць людзей, якія шукаюць працу, перавышае колькасць даступных вакансій. Напрыклад, сельская гаспадарка, гасцінічная індустрыя, гастраномія, рознічны гандаль ці прафесія касіра, — сказаў у інтэрв'ю газеце Rzeczpospolita Веслаў Лешка (Wiesław Leszko), дырэктар раённага ўпраўлення працы ў Атвоцку. Гэта сектары, якія часта маюць высокую цякучасць кадраў, ніжэйшыя патрабаванні да кампетэнцыі і ў той жа час карыстаюцца вялікай цікавасцю з боку замежнікаў.

Лешка прызнае, што стварэнне гэтых спісаў ужо з'яўляецца тэмай абмеркавання сярод дырэктараў бюро працаўладкавання, але пакуль што не выкарыстоўваецца, паколькі новыя правілы пачнуць дзейнічаць 1 чэрвеня.

Эксперты супакойваюць.

— Гэтае рашэнне не было ўведзена для канкрэтнага сектара або канкрэтных прафесій, яно прызначана для надзвычайных сітуацый, да якіх цяжка падрыхтавацца загадзя, для вялікіх груп звальненняў або іншых крызісаў на рынку працы, — кажа Войцех Крук (Wojciech Kruk), юрысконсульт каманды па працоўным праве Grant Thornton.

На яго думку, спісы могуць быць створаны ў будучыні.

– Я б здзівіўся, калі б не было хаця б спроб стварыць такія спісы і ўкараніць іх. Аднак сёння цяжка ацаніць, наколькі эфектыўным будзе гэты працэс і наколькі добра ён будзе рэальна выконваць сваю функцыю, - кажа эксперт.

Міністр Мацей Берэк (Maciej Berek), старшыня Пастаяннага камітэта Рады міністраў нядаўна адзначыў, што ўрад адхіліў патрабаванні прадпрымальнікаў аб спрашчэнні працаўладкавання замежнікаў з-за візавага крызісу, вялікай хвалі неправераных людзей, якія атрымлівалі польскія студэнцкія і працоўныя візы.

нг