Ніводная з трох мэтаў эканамічнай атакі на канкурэнтаў і саюзнікаў ЗША не дасягнутая, а часу засталося менш за месяц.
Што пайшло не так?
Апошнія два месяцы паказалі: тарыфныя войны не толькі не дапамагаюць, але і шкодзяць самім амерыканцам. Цэны растуць, дэфіцыт не змяншаецца, акцыі і аблігацыі таннеюць, долар слабее. Запалохаць замежныя дзяржавы таксама не ўдалося — ніводная краіна не капітулявала перад тарыфнымі пагрозамі Дональльда Трампа.
Не спалохаліся
Амеряканскі лідар увёў новыя мыты ў красавіку з трыма мэтамі:
— напоўніць бюджэт за кошт імпарцёраў і, адпаведна, знізіць падаткі;
— стварыць ахоўныя ўмовы для адраджэння амерыканскай прамысловасці, абараніўшы яе тарыфамі ад замежнай канкурэнцыі;
— вымусіць іншыя краіны пайсці на саступкі — гандлёвыя, эканамічныя, палітычныя — пад пагрозай страты доступу да багатага амерыканскага рынку.
Але высокія пошліны пратрымаліся нядоўга — у той жа дзень Трамп абвясціў 90-дзённую паўзу: амерыканскі бізнес і фінансісты адразу загаварылі пра крызіс, а інвестары пачалі выводзіць капітал. Упершыню за доўгі час долар не рос на фоне пагрозы крызісу, а, наадварот, слабеў. У свеце загаварылі пра заняпад амерыканскай валюты і фінансавай гегемоніі ЗША.
Белы дом абяцаў 90 здзелак за 90 дзён перамір’я
Мінула 60 дзён — і пакуль заключаная толькі адна здзелка, з Вялікабрытаніяй. І то, толькі папярэдняя, і калі яе не падпішуць цягам апошняга месяца «перамір’я» — то і не будзе яе. Да таго ж, гэта не ўсебаковае гандлёвае пагадненне: яно не патрабуе ратыфікацыі парламентамі, і Дональд Трамп можа ў любы момант ануляваць дамоўленасці. Іншыя краіны пачалі перамовы, але за гэты час выявілася: Трамп не такі страшны, як яго малююць. Адклаўшы пошліны супраць усіх, ён засяродзіўся на кітайскім фронце.
— Ці Трамп прайграе ўласную гандлёвую вайну і нанасясе непаправімую шкоду долару? Чаго ён спрабуе дасягнуць? На гэтыя пытанні спрабуе адказаць польскі эканаміст Марэк Зубэр.
— Гэта, мабыць, найважнейшая эканамічная падзея мінулых дзесяцігоддзяў. Бо калі такая палітыка захаваецца, мы маем справу з пераломным момантам, напэўна, з часоў Брэтан-Вудскай канферэнцыі 1944 года, якая перафарматавала эканамічны парадак у свеце, замацавала гегемонію долара. Мала хто памятае, але ў той канферэнцыі ўдзельнічаў і Савецкі Саюз, хаця потым і не выконваў прынятыя рашэнні. І ўсе наступныя дзесяцігоддзі — гэта быў, калі пакінуць палітычныя аспекты, час збліжэння эканамічных сувязяў.
А тут раптам, як гром сярод яснага неба — Дональд Трамп наносіць удар не толькі па Кітаю, які ўжо даўно ўспрымаецца як натуральны супернік ЗША, і не толькі ў эканоміцы, але і па хаўрусніках — Канадзе, Еўрасаюзе. Гэта быў шок. І тое, што ён зрабіў такі крок, стала поўнай нечаканасцю для большасці назіральнікаў — інвестараў, бізнесу, фінансавых рынкаў.
— Кожная краіна імкнецца абараняць свае інтарэсы — гэта натуральна. Але чаму дзеянні адміністрацыі Трампа выглядаюць такімі хаатычнымі і непаслядоўнымі? Ці сапраўды яны такія?
— У мяне такое ўражанне, што цяпер па ўсім свеце з’яўляюцца даследчыя групы — у тым ліку і ў інвестыцыйных банках у ЗША — з адным пытаннем: што на самай справе хоча зрабіць Трамп? Бо пытанняў шмат, і незразумела, да чаго ўсё гэта прывядзе. Але калі казаць пра мытную палітыку, адна з мэтаў была, відавочна, — ліквідаваць гандлёвы дэфіцыт ЗША з асобнымі краінамі.
І сапраўды, Трампу ішлося пра тое, каб дасягнуць раўнавагі ў тавараабмене паміж ЗША і іншымі краінамі. Але гэта не так проста, асабліва сёння, калі вытворчыя і лагістычныя ланцужкі надзвычай складаныя. Асабліва ў галіне электронікі: дызайн, вытворчасць, зборка — і толькі потым продаж па ўсім свеце. Простае бачанне, якое прапануе Трамп, — гэта ўжо не наш час. Мы не можам вярнуцца ў 1950-я ці -60-я гады.
— Нейкая рацыянальнасць у намерах Трампа была, але ці рэальна сёння, у 2025 годзе, рэгуляваць эканоміку метадамі мінулага стагоддзя?
— Трэба разумець: калі жыхары краіны купляюць замежныя тавары, яны робяць гэта па некалькіх прычынах, але адна з галоўных — гэта цана. Мы можам выбіраць нешта, бо гэта модна або прыгожа, але кошт мае значэнне. І калі Трамп хоча выраўняць гандлёвыя ваганні пошлінамі, гэта прывядзе да росту цэн для амерыканцаў. Тут найлепшы прыклад — Apple і яго кіраўнік Цім Кук, які папярэдзіў: калі тарыфы застануцца, цэны на прадукцыю Apple вырастуць у разы.
Калі ж Трамп хоча вярнуць вытворчасць у ЗША, то трэба разумець: працэс яе вываду з краіны пачаўся яшчэ ў 1970-ыя, асабліва ў -90-ыя, і не так проста яго скасаваць або адкурціць назад. Прычым гаворка не толькі пра эканоміку: сёння ЗША — гэта ўжо не толькі прамысловасць, гэта найперш тэхналагічныя паслугі і распрацоўка. І другі момант: ці сапраўды сёння амерыканцы, якія страцілі працу ў прамысловасці ў 1970–80-ыя, хочуць вярнуцца на аўтазаводы?
Добры прыклад таму, сучасная фабрыка Honda у Агая, якая вырабляў сучасныя і папулярныя аўтамабілі, напрыклад, мадэль NSX. Фабрыка дагэтуль не можа знайсці працаўнікоў. Сумняваюся, што амерыканцы хочуць вярнуцца на заводы. Гэта ўжо не Амерыка 1970-х.
— Раней Трамп выглядаў цвёрдым перамоўшчыкам. Чаму цяпер ён так лёгка адмаўляецца ад сваіх рашэнняў?
— Усё аказалася не так проста, як Трампу здавалася. І яшчэ адзін важны момант: гэта хуткая адмена пошлін, уведзеных 5 красавіка, не была запланавана. Яна стала вымушаным крокам — не толькі праз кітайцаў, якія адразу абмежавалі пастаўкі рэдказямельных металаў у ЗША, што крытычна важна. Найперш — гэта быў сігнал з фінансавых рынкаў: усяго за некалькі хвілін рэзка вырасла даходнасць па амерыканскіх аблігацыях.
Гэта значыць: вырас кошт пазычаных сродкаў для дзяржавы. А доўг ЗША і без таго вялікі, і яго абслугоўванне каштуе нямала. Калі б стаўкі працягнулі расці — гэта быў бы вялікі ўдар. Apple, напрыклад, страціў 35% сваёй рынкавай капіталізацыі за некалькі тыдняў — больш за трыльён долараў. А ў яго інвестуюць пенсійныя і інвестыцыйныя фонды, звычайныя амерыканцы. І ўсё гэта перадаецца па ланцужку далей. Так што, як я ўжо казаў, усё значна складаней.
Але я думаю, Трамп не адмовіцца ад свайго курсу цалкам. Хутчэй за ўсё, ён яго перабудуе. Аднак адна рэч ужо незваротная: давер да ЗША. І гэта тое, што Трамп разбурыў літаральна за некалькі тыдняў. Давер, які будаваўся дзесяцігоддзямі — з часоў Брэтан-Вудса, з 1944 года, калі ЗША сталі лідарам вольнага свету. І гэта скончылася тымі рашэннямі, прынятымі на пачатку гэтага года.
Слухайце аўдыё!
эж