Беларуская Служба

Польшча плануе купіць сучасныя знішчальнікі. Сярод фаварытаў – еўрапейскі самалёт

03.07.2025 19:03
Цяпер польскі парк знішчальнікаў складаецца з 48 шматмэтавых F-16 амерыканскай вытворчасці і прыкладна 15 самалётаў МіГ-29, вырабленых яшчэ ў Савецкім Саюзе.
 Eurofighter Typhoon
Знішчальнік Eurofighter Typhoon ВПС Германіі pixabay.com/jmd1/free images for commercial use

Сёння Ваенна-паветраным сілам Польшчы не хапае сучасных знішчальнікаў: актуальная лічба самалётаў недастатковая, а спецыялісты гавораць, што патрэба як мінімум 32 самалёты, паведамляе партал Forsal.

Цяпер польскі парк знішчальнікаў складаецца з 48 шматмэтавых F-16 амерыканскай вытворчасці і прыкладна 15 самалётаў МіГ-29, вырабленых яшчэ ў Савецкім Саюзе. Польшча таксама набыла ў ЗША 32 самалёты F-35, пастаўкі якіх будуць завершаныя ў бліжэйшыя гады. Яшчэ ў ВПС ёсць знішчальнікі-бамбавікі Су-22М4, але сёлета яны будуць выведзеныя з эксплуатацыі. Акрамя таго, нядаўна Польшча закупіла 48 штук вучэбна-баявых самалётаў FA-50 карэйскай вытворчасці, аднак цалкам баявымі іх назваць нельга.

Сёння адкрыта абмяркоўваюцца тры магчымасці набыцця новых самалётаў: гэта дадатковыя F-35, амерыканскія F-15EX або еўрапейскія Eurofighter Typhoon. Сярод спецыялістаў і вайскоўцаў усё часцей чуваць аргументы на карысць набыцца Eurofighter.

Гісторыя Eurofighter Typhoon бярэ свой пачатак у 1980-х гадах. Мэтай праекта было стварэнне сучаснага еўрапейскага шматмэтавага знішчальніка для дасягнення перавагі ў паветры. Праект з'яўляецца ініцыятывай Вялікабрытаніі, Італіі, Іспаніі і Германіі. Прататып падняўся ў паветра ў 1994 годзе. У 2003 годзе першыя адзінкі былі пастаўленыя Каралеўскім ВПС Вялікабрытаніі (RAF).

Сёння на ўзбраенні знаходзіцца больш за 500 самалётаў Eurofighter. Амаль 140 машын служаць у ВПС Германіі і 107 – у RAF. Сярод іншых буйных эксплуатантаў – Італія (больш за 90 самалётаў), Саудаўская Аравія і Іспанія (прыкладна 70 самалётаў).

Калі казаць пра найважнейшы плюс еўрапейскага знішчальніка, то гэта здольнасць працаваць на вельмі вялікіх вышынях, якія недаступныя для F-35, але даступныя для расійскіх знішчальнікаў і стратэгічных бамбавікоў. Паводле адмыслоўцаў, гэты самалёт можа даць Польшчы магчымасць ліквідацыі ворага высока ў небе, у тым ліку дзякуючы двум рухавікам, якія, улічваючы яго памер, забяспечваюць надзвычай добрыя суадносіны цягі і вагі. Кінетычная энергія забяспечвае выдатную хуткасць палёту, хуткі пад’ём і здольнасць дасягаць вышыню больш за 15 кіламетраў. Eurofighter можа быць эфектыўным праціўнікам МіГ-31, якія пераносяць гіпергукавыя ракеты «Кінжал».

вс