Урадавая кааліцыя абяцала даць грамадзянам кантроль над дзяржаўнымі фінансамі. Гэта тычыцца Цэнтральнага рэестра дагавораў, які павінен быць інфармацыйнай сістэмай для аб'яўлення дамоваў, заключаных субʼектамі, якія выконваюць дзяржаўныя заданні.
Першапачаткова сістэма павінна была запрацаваць у ліпені 2022 года, але пазней тэрмін быў перанесены на пачатак 2024 года. Цяперашняя дата – студзень 2026 года. Трохразовае перанясенне даты – не адзіная праблема.
Яшчэ адна праблема заключаецца ў тым, што першапачатковы праект прадугледжваў, што ў рэестр будуць уключаны ўсе дагаворы коштам больш за 500 злотых (гэта каля 117,5 еўра). Аднак у апошняй прапанове гэтая мяжа была павялічана ў 20 разоў – да 10 000 злоты (гэта каля 2 353 еўра), паведамляе выданне Rzeczpospolita.
Гэта, паводле Інстытута дзяржаўных фінансаў, ставіць пад сумнеў мэтазгоднасць усяго праекта.
«Мы ўводзім механізм, прызначаны для аднаўлення даверу, а адна невялікая змена падарвала яго. Як грамадзянін можа паверыць, што ён кантралюе выдаткі ў невялікім горадзе, калі больш за 70% з іх не зарэгістравана ў рэестры?», – задумоўваецца ў размове з газетай старшыня праўлення Інстытута дзяржаўных фінансаў Славамір Дудэк.
«Нашае даследаванне паказвае, што давер грамадзян да спосабу адміністравання дзяржаўнымі фінансамі, вельмі нізкі. Ажно 20% рэспандэнтаў паставілі нулявую адзнаку – гэта значыць, што кожны пяты паляк цалкам не давярае ўраду, калі гаворка ідзе пра выдаткі дзяржаўных грошай. Каб аднавіць гэты давер, нам трэба даць грамадзянам пачуццё кантролю над гэтымі выдаткамі», – дадае эксперт.
аз