Беларуская Служба

Трывожны сігнал: Польшча зноў можа сраціць цэлае пакаленне маладых людзей

17.07.2025 17:56
Пакаленне Z і альфа — гэта не «патрабавальныя міленіялы 2.0». Гэта людзі, якія хочуць працаваць і развівацца. 
.
Беспрацоўе. Ілюстрацыя geralt/pixabay.com/CC0 Public Domain

Польшча — у ліку лідараў Еўрасаюзу па нізкім узроўні беспрацоўя. Але гэта, хутчэй, уяўны поспех – піша Forsal. Паводле дадзеных Еўрастату, беспрацоўе сярод асоб ва ўзросце да 25 гадоў у Польшчы вырасла за год на цэлых 27,4 працэнта. Гэта самы высокі рост ва ўсім ЕС. Лічбы на паперы пакуль не выглядаюць вельмі дрэнна — 13,5% супраць 10,6% летась, але тэндэнцыя адназначная: моладзь адпадае з рынку працы, не паспеўшы на яго як след увайсці.

— Пакаленне Z не будзе чакаць. Калі яны не знойдуць тут свайго месца, тады паедуць туды, дзе ім яго прапануюць, — адзначае Кшыштаф Інглот (Krzysztof Inglot), эксперт рынку працы з кампаніі Personnel Service.

— Я зрабіла ўсё, як трэба, — кажа Марта з Познані. Яна скончыла навучанне па спецыяльнасці «менеджмент». — Увесь час я чула: вучыся, і будзеш мець працу. Вучылася. І што? Працую ў кавярні без дамовы.

Больш за год Марта шукае працу «па прафесіі». І натыкаецца на сцяну. Наймальнікі патрабуюць досведу, якога ў яе няма. Альбо прапануюць мінімальную зарплату. 

— Яшчэ крыху — і падаю дакументы на візу ў Канаду. Мой знаёмы, які жыве там, кажа, што там хоць ведаеш, дзеля чаго працуеш, — дадае Марта.

Пакаленне Z і альфа — гэта не «патрабавальныя міленіялы 2.0». Гэта людзі, якія хочуць працаваць і развівацца. Яны амбіцыйныя, але не наіўныя. І разумеюць, што аднаго жадання недастаткова. Неабходныя выразныя шляхі развіцця і рэальныя магчымасці. Калі яны іх не атрымаюць — выберуць эміграцыю.

У 2003 годзе беспрацоўе сярод моладзі ў Польшчы перавышала 46%. Гэта была катастрофа. І момант, калі амаль цэлае пакаленне пакінула краіну. Тады Польшча была беднай і на парозе ўваходу ў ЕС. Гэта яшчэ можна было зразумець. Сёння Польшча ўжо не бедная. Але мы зноў рызыкуем страціць самых маладых і самых матываваных.

нг