У першай палове 2025 года Польшча набыла больш за палову ўсіх дронаў, экспартаваных з Тайваню, патраціўшы на гэта 6,48 млн долараў. Рост геапалітычнага напружання і імкненне да дыверсіфікацыі паставак падштурхнулі Варшаву да ўмацавання ваеннага супрацоўніцтва з Тайванем, піша партал biznesalert.pl.
Паводле дадзеных тайваньскай мытні, у студзені–чэрвені агульны экспарт дронаў дасягнуў амаль 12 млн долараў — гэта рост на 749% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. 54% усіх экспартаваных дронаў накіраваліся ў Польшчу, за ёй ідуць ЗША, Нямеччына, Чэхія і Ганконг. Гэтыя пяць краін разам забяспечылі 97% усяго экспарту.
Рост цікавасці да тайваньскіх дронаў у Еўропе тлумачыцца трыма асноўнымі фактарамі: вайна ва Украіне, канфлікты на Блізкім Усходзе і імкненне да незалежнасці ад кітайскіх тэхналогій. Таксама важны фактар — высокі ўзровень вытворчасці на Тайвані.
Нягледзячы на фармальнае прызнанне палітыкі «адзінага Кітая», Польшча актыўна развівае тэхналагічныя і эканамічныя сувязі з Тайванем. Закупка дронаў можа стаць пачаткам больш шырокага партнёрства — у тым ліку ў сферах кібербяспекі і ІТ. Варшава імкнецца заняць лідарскія пазіцыі ў еўрапейскай трансфармацыі сістэмы бяспекі.
эж