Нягледзячы на зніжэнне колькасці, выдадзеных замежнікам дазволаў на працу, іх доля ў польскай эканоміцы расце. У прыватнасці, сярод іх найбольш хутка расце група калумбійцаў, паведамляе Rzeczpospolita.
Паводле газеты, найбольш замежнікаў у Польшчы працавала ў будаўніцтве, транспарце і лагістыцы, а таксама ў прамысловай перапрацоўцы. У першай палове бягучага года агульная колькасць выдадзеных на працу ў Польшчы дазволаў дасягнула 823 000, а гэта на 11 працэнтаў менш, чым годам раней.
Нягледзячы на гэта, доля замежнікаў сярод работнікаў, зарэгістраваных Упраўленнем сацыяльнага страхавання (ZUS), расце. У канцы чэрвеня яна павялічылася да 7,6% з 7,3% у канцы 2024 года. У ліпені ў рэестр упраўлення было дададзена амаль 8 000 замежнікаў, што павысіла іх агульную колькасць да 1 мільёна 250 тысяч.
Між тым аказваецца, што калумбійцы з'яўляюцца ўжо пятай па велічыні групай замежнікаў, зарэгістраваных Упраўленнем сацыяльнага страхавання, пасля ўкраінцаў, беларусаў, грузінаў і індыйцаў. У канцы ліпеня іх было 17 900. Пры гэтым яны атрымалі найбольшую колькасць дазволаў на працу ў Польшчы, выдадзеных у першай палове бягучага года – 21 500.
Паводле намесніка дырэктара Польскага эканамічнага інстытута Анджэя Кубісяка, сёлетняя доля замежнікаў, працаўладкаваных у польскай эканоміцы, гэта, сярод іншага, вынік росту прафесійнай актыўнасці ўкраінцаў, якія пражываюць у Польшчы.
Паводле дадзеных Галоўнага статыстычнага ўпраўлення (GUS), на канец ліпеня ў Польшчы легальна працавала 824 500 грамадзянаў Украіны, што на 37 000 больш, чым у канцы 2024 года.
Паводле газеты, пакуль невядома, наколькі паўплывае на іх становішча прэзідэнцкае вета на законапраект аб дапамозе ўкраінцам у Польшчы.
Эксперты Канфедэрацыі «Левятан» нагадваюць, што згаданы законапраект датычыў таксама права на легальнае пражыванне ў Польшчы і распаўсюджваўся не толькі на бежанцаў, але і на эканамічных мігрантаў з Украіны, якія прыбылі ў Польшчу да пачатку вайны.
аз