Беларуская Служба

Урад у Варшаве плануе абмежаваць медыцынскія паслугі для грамадзян Украіны

09.09.2025 15:45
Урад падрыхтаваў праект паправак у закон аб дапамозе замежным грамадзянам у сувязі з узброеным канфліктам ва Украіне.
МедыцынаShutterstock/S_L

Урад у Варшаве плануе абмежаваць медыцынскія паслугі для грамадзян Украіны, якія не маюць дзяржаўнай медыцынскай страхоўкі ў Польшчы. Такі крок дазволіць зэканоміць амаль 30 млн злотых (крыху больш за 7 млн еўра) у перыяд з кастрычніка па сакавік, падлічыла Міністэрства аховы здароўя ў сваіх каментарыях да новага законапраекта аб дапамозе ўкраінскім грамадзянам, паведамляе партал Money.pl.

Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі падрыхтавала праект паправак у закон аб дапамозе замежным грамадзянам у сувязі з узброеным канфліктам ва Украіне. Лячэнне грамадзян Украіны ў Польшчы фінансуецца з дзяржаўнага бюджэту, а не з узносаў, якія плаціць кожны працаўладкаваны жыхар Польшчы ў Нацыянальны фонд аховы здароўя.

Грамадзяне Украіны, якія легальна прыбылі ў Польшчу пасля пачатку вайны, маюць права на бясплатную медыцынскую дапамогу і субсідаваныя лекі на тых жа ўмовах, што і грамадзяне Польшчы, згодна са спецыяльным законам, папраўкі ў які плануюць унесці.

Міністэрства аховы здароўя Польшчы паведаміла, што прапанаванае абмежаванне пераліку медыцынскіх паслуг, якія фінансуюцца Фондам дапамогі і якімі могуць карыстацца грамадзяне Украіны, звязана з неабходнасцю зніжэння выдаткаў.

Акрамя таго, зазначыла ведамства, папраўкі накіраваныя на супрацьдзеянне злоўжыванням на тэрыторыі краіны з боку грамадзян Украіны, якія, здараецца, прыязджаюць у Польшчу з намерам скарыстацца пэўнымі медыцынскімі паслугамі. Падобную практыку пацвердзілі ў Галоўнай лекарскай палаце Польшчы.

вс