Беларуская Служба

Ніякіх пасядзелак з ноўтбукамі – польскія кафэ ўводзяць дадатковыя аплаты

10.09.2025 06:07
У Еўропе пачынае развівацца новы від бізнесу, які атрымаў назву антыкавярня. 
КавярняFarknot Architect/Shutterstock

Праблема занятых столікаў у кавярні – гэта пытанне, якое ў апошні час пастаянна ўздымаецца. З аднаго боку, кавярня – гэта адкрытае і гасціннае месца, з іншага боку, гэта бізнес, які павінен прыносіць даход, піша партал Trójmiasto.pl.

Нядаўна ў Познані разгарэлася гарачая дыскусія, калі стала вядома, што адна кавярня ўвяла дадатковую плату для тых, хто нічога не заказвае, а проста займае месца. Як распавёў менеджар кавярні, часта ў невялікую залу прыходзяць групы з 6-8 чалавек, каб вучыцца, праводзіць прэзентацыі або працаваць. Яны займаюць некалькі столікаў, а заказвае што-небудзь толькі адзін, максімум два чалавекі.

Пасля кансультацый з юрыстамі ўладальнікі ўстановы вырашылі ўвесці дадатковую плату ў памеры 6 злотых (прыкладна 1,5 еўра) – эквівалент самай таннай пазіцыі ў меню – фільтраванай вады з лімонам) – для «суправаджаючых гасцей». Гэтае рашэнне выклікала хвалю крытыкі, аднак уладальнікі растлумачылі, што праблема занятых столікаў становіцца ўсё больш сур'ёзнай і ўплывае на іх бізнес.

Не сакрэт, што многія людзі ставяцца да кафэ як да бясплатных каворкінг-прастораў. Замовіўшы адну каву, можна сядзець у кавярні некалькі гадзін, карыстаючыся Wi-Fi і электрычнасцю. Студэнты таксама любяць кафэ: яны займаюць цэлыя сталы, раскладваюць свае нататкі і вучацца гадзінамі. Часта здараецца, што кліентам, якія б сапраўды хацелі пасядзець за кавай і пірожнымі, не хапае свабодных столікаў.

Кафэ спрабуюць вырашыць гэтую сітуацыю рознымі спосабамі. Некаторыя робяць гэта нефармальна і дыпламатычны, іншыя ж цалкам забараняюць ноўтбукі, каб вызваліць месца для кліентаў, якія заказваюць ежу і напоі. А вось адна з кавярняў у Гдыні бярэ з кліентаў, якія прыходзяць з ноўтбукамі, дадатковую аплату ў памеры 30 злотых (7 еўра) за каворкінг. За гэтую цану яны атрымліваюць таксама напой на выбар: каву, гарбату ці ліманад.

У Еўропе пачынае развівацца новы від бізнесу, які атрымаў назву антыкавярня. У гэтых установах кліенты плацяць за час, а кошт спаганяецца за хвіліну ці гадзіну. Узамен можна карыстацца зручнымі працоўнымі прасторамі, Інтэрнэтам, настольнымі гульнямі, бібліятэкай і, зразумела, купляць тое, што ёсць у традыцыйным кафэ.

вс