Беларуская Служба

Сістэма закладу на тару ў Польшчы пачынае працу без ажыятажу

01.10.2025 19:15
Хоць сістэма закладу на тару фармальна пачала сваю працу, фактычны масавы збор бутэлек пачнецца толькі ў 2026 годзе.
Сімвал дэпазіту на ўпакоўцыKaucja.pl

1 кастрычніка 2025 года ў Польшчы афіцыйна пачынае дзейнічаць сістэма закладу на бутэлькі і іншую ўпакоўку напояў. Аднак, як паведамляе штодзённік Rzeczpospolita, ні вытворцы, ні крамы, ні аператары не спяшаюцца далучацца да яе. У выніку ў большасці крамаў у першыя месяцы будзе складана знайсці прадукцыю з абазначэннем закладу.

Адзін з буйных аператараў сістэмы прызнаў у каментары выданню, што ніводзін з яго ключавых партнёраў-вытворцаў не плануе ўвесці прадукцыю з закладам у кастрычніку. Падобную сітуацыю адзначаюць і меншыя аператары. «Пераважная большасць нашых кліентаў плануе поўны перыход на новую ўпакоўку толькі з 1 студзеня 2026 года», — паведаміла Катажына Бойка, дырэктарка па продажах у нацыянальнай сістэме Zwrotka.

Паводле выданне Rzeczpospolita, вытворцы сумняюцца ў гатоўнасці рынку да запуску сітэмы закладу на тару. «Сістэмы прадухілення махлярства толькі фарміруюцца, малыя крамы малаінфармаваныя, а нават вялікія сеткі яшчэ не завяршылі падрыхтоўку. Дзве сеткі  гандлёвыя сеткі толькі нядаўна абвясцілі пераможцаў тэндэру на ўсталяванне бутэлькаматаў, хоць гэта магло б стаць перавагай над  канкурэнцыяй», — піша газета.

Адцягваюць старт і самі вытворцы. «Мы скарыстаемся пераходным перыядам, які даў нам заканадаўца», — прызнаўся неафіцыйна адзін з буйных вытворцаў напояў.

Нават афіцыйныя заявы бізнесу ўскосна сведчаць: імклівага запуску не чакаецца. Coca-Cola пачне адпаведна маркіраваць сваю прадукцыю ўжо з кастрычніка, але на паліцы яна трапіць не адразу — да 31 снежня дзейнічае пераходны перыяд.

Такім чынам, хоць сістэма закладу на тару фармальна пачала сваю працу, фактычны масавы збор бутэлек пачнецца толькі ў 2026 годзе.

эж


1 кастрычніка з'явіцца ў польскіх крамах упакоўка са значком дэпазіту

30.09.2025 08:12
Сістэма дэпазіту на ўпакоўку будзе распаўсюджвацца на алюмініевыя банкі пластыкавыя і шкляныя бутэлькі.