Беларуская Служба

У Польшчы – рэкордная колькасць заявак на крэдытаванне жылля

07.10.2025 14:14
Верасень прынёс адзін з самых высокіх у гісторыі паказчыкаў па колькасці заявак на крэдыты на жыллё. Гэта ў значнай ступені эфект росту крэдытаздольнасці, а таксама падаражання жылля.
.
.Shutterstock/Grand Warszawski

У верасні ў польскія банкі паступілі заяўкі на выдачу крэдытаў на жыллё на суму 18,9 млрд злотых – вынікае з дадзеных Бюро крэдытнай інфармацыі (BIK). Кошт пададзеных заявак быў на 49% вышэйшы, чым годам раней.

Раней большая зацікаўленасць іпатэкаю была зафіксаваная ў снежні 2023 г. (20,2 млрд злотых), непасрэдна перад заканчэннем збору заявак на крэдыты з дзяржаўнай субсідыяй у рамках праграмы «Бяспечны крэдыт 2%», а таксама ў сакавіку 2022 г. (19,5 млрд злотых) – незадоўга да ўзмацнення правілаў ацэнкі крэдытаздольнасці кліентаў, уведзеных Камісіяй фінансавага нагляду.

Кошт крэдытаў, якія фактычна выдаюцца банкамі, прыкладна ўдвая меншы за пададзеныя заяўкі. У жніўні былі выдадзеныя крэдыты на жыллё на суму 8,5 млрд злотых. Месяцам раней гэта было 9,35 млрд злотых.

Ніжэйшыя працэнтныя стаўкі стымулююць попыт на іпатэчныя крэдыты

Паводле Вальдэмара Рагоўскага, галоўнага аналітыка Бюро крэдытнай інфармацыі, рост попыту на іпатэкі – гэта ў асноўным эфект зніжэння працэнтных ставак.

Сёлета Рада па грашова-крэдытнай палітыцы зменшыла асноўную стаўку Нацыянальнага банка Польшчы з 5,75% да 4,75%.

Рост заробкаў паляпшае крэдытаздольнасць

У якасці другога фактару, які спрыяе зацікаўленасці іпатэкаю, Рагоўскі называе ўстойлівы высокі рост заробкаў.

– Гэтыя фактары непасрэдна ўплываюць на рост крэдытаздольнасці, што непасрэдна адбіваецца на росце зацікаўленасці крэдытам на жыллё. Добрая сітуацыя на рынку жылля (вялікая прапанова на першасным рынку) можа дадаткова мабілізаваць крэдытаатрымальнікаў і схіляць да большай актыўнасці на крэдытным рынку.

Цяпер фактарам, што можа негатыўна паўплываць на попыт на крэдыты на жыллё, з'яўляецца далейшая эскалацыя геапалітычнай напружанасці, – адзначае Вальдэмар Рагоўскі.

Колькасць заяўнікаў на іпатэку хутка павялічваецца, але расце таксама кошт сярэдняй заяўкі, што зʼяўляецца пацвярджэннем трэнду росту коштаў на нерухомасць.

Сярэдняя заяўка ў верасні была на 472,5 тыс. злотых. Гэта на 6% больш, чым годам раней.

Паводле Dziennik Gazeta Prawna/вх