Беларуская Служба

Не ўсе згодныя з тэндэнцыяй на рэзкае абмежаванне магчымасці карыстацца наяўнымі

10.10.2025 13:02
З 2027 года ва ўсім Еўрапейскім Саюзе будзе дзейнічаць ліміт у 10 тысяч еўра.
  .     ,     .
Польскія злотыя наяўнымі. Палякі ўсё менш плацяць наяўнымі, але не ўсім гэта падабаецца.Фота: Shutterstock/Kamil Zajaczkowski

Усё больш жорсткімі становяцца абмежаванні на выкарыстанне наяўных грошай — як для бізнесу, так і для звычайных грамадзян. Гэтай тэмай пацікавілася выданне Forsal.

У Польшчы прадпрыемствы ўжо не могуць разлічвацца паміж сабой наяўнымі на суму больш за 15 тысяч злотых (каля 3,5 тыс еўра). З 2027 года ва ўсім Еўрапейскім Саюзе будзе дзейнічаць ліміт у 10 тысяч еўра, а некаторыя краіны змогуць яго знізіць нават да трох тысяч.

Банк можа таксама абмежаваць буйныя аперацыі для фізічных асоб. Напрыклад, пры куплі нерухомасці можа спатрэбіцца асабістая прысутнасць у банку, калі нехта захоча павысіць ліміт грашовага пераводу. Усе здзелкі звыш 15 тысяч еўра аўтаматычна трапляюць пад кантроль фінансавай інспекцыі.

Новыя правілы ўводзяць у розных краінах Еўропы, напрыклад, у Іспаніі кожны, хто хоча зняць больш за 3 тысячы еўра, павінен загадзя паведаміць пра гэта падатковым уладам. Калі сума перавышае 100 тысяч еўра, паведамленне трэба падаць мінімум за трое сутак. За парушэнне пагражае штраф да 150 тысяч еўра. Мэта — барацьба з фінансаваннем тэрарызму і зніжэнне шэрай эканомікі.

Не ўсе згодныя з тэндэнцыяй. Некаторыя краіны спрабуюць абараніць абарот наяўных грошай. У Венгрыі плацяжы наяўнымі атрымалі канстытуцыйную абарону. Крытыкі новай палітыкі папярэджваюць, што адмена наяўных абмяжуе свабоду грамадзян і дасць дзяржаве поўны кантроль над фінансамі людзей.

У той жа час, адмена наяўных грошай можа амаль ліквідаваць шэрую зону эканомікі і павялічыць падатковыя даходы. Але дзеля такой рэвалюцыі патрэбная шырокая грамадская дыскусія.

нг