Казахстанская дзяржаўная кампанія KazMunayGas працягнула кантракт з Rosneft Deutschland, што азначае далейшыя пастаўкі нафты на НПЗ у горадзе Швет — у некалькіх кіламетрах ад польскай мяжы. Прадпрыемства, якое забяспечвае 90 % патрэб ФРГ у паліве, ужо шмат гадоў выклікае спрэчкі з-за сувязяў з Расіяй і экалагічных выключэнняў, зробленых дзеля яго, чытаем на партале energetyka24.com.
З пачатку 2025 года Казахстан накіраваў у Швет 1,5 млн тон нафты, а з 2026-га месячны аб’ём павялічыцца з 100 да 130 тыс. тон. Пастаўкі ажыццяўляюць кампаніі Karachaganak Petroleum Operating B.V. і Tengizchevroil — апошняй кіруе Chevron, дзе KazMunayGas валодае 20 %.
Павелічэнне экспарту стала магчымым дзякуючы запуску праекта Future Growth Project (FGP), які дадаў Казахстану каля 260 тыс. барэляў нафты штодня, што ўжо прывяло да незапланаванага павелічэння вытворчасці нафты ў межах OPEC+.
Аднак маршрут паставак выклікае занепакоенасць: казахстанская нафта трапляе ў Германію праз расійскі нафтаправод «Дружба». Па дарозе яна можа змешвацца з расійскай сыравіной, што дае Маскве магчымасць абыходзіць еўрапейскія санкцыі.
Пікантнасці гэтай гісторыі дадае тое, што супраць пераходу на нерасійскую нафту выступае частка мясцовых жыхароў — у траўні ў Швеце пратэставалі каля 2 тыс. чалавек, арганізаваных прарасійскімі актывістамі.
Дадатковую крытыку выклікае і тое, што НПЗ атрымала спецыяльны дазвол на перавышэнне нормаў выкідаў дыяксіду серы ў атмасферу.
эж