Польскія садаводы патрабуюць, каб у крамах паведамлялася цана, якую прадавец заплаціў за садавіну вытворцы. Садаводы адзначаюць, што цана на яблыкі і грушы ў гандлёвых сетках у Польшчы ў некалькі разоў вышэйшая, чым на фермерскіх рынках.
Старшыня Польскай асацыяцыі садаводаў Міраслаў Малішэўскі падкрэслівае, што такія правілы павінен увесці Еўрапейскі Саюз.
— Сёння па ўсім Еўрапейскім Саюзе ўся садавіна на паліцах крам павінна мець пазначаную краіну паходжання, гэта значыць, дзе яна была выраблена. Напрыклад, польскія яблыкі, якія пастаўляюцца ў Германію, павінны быць пазначаны на нямецкім рынку як "з Польшчы". Гэта рэгуляванне ЕС, таму мы хацелі б бачыць падобнае рэгуляванне адносна цаны, якая плаціцца вытворцам, каб спажыўцы былі ў курсе, і тады яны маглі бачыць, што гандлёвыя сеткі паводзяць сябе з намі неэтычна.
Міраслаў Малішэўскі падкрэслівае, што многія вытворцы яблыкаў не могуць дазволіць сабе плаціць работнікам за збор яблыкаў, у той жа час некаторыя гандлёвыя сеткі спрабуюць дамовіцца аб яшчэ больш нізкіх цэнах.
— За добрыя яблыкі, якія ў краме каштуюць 5 - 6 злотых кілаграм, незалежна ад гандлёвай сеткі, вытворца атрымлівае каля 1 злотага. Згодна з нядаўнімі прапановамі некаторых гандлёвых сетак, вытворца атрымае нават менш за 1 злоты. Таму вельмі часта прыбытак крамы складае 3 злотыя за кілаграм. Вытворца зарабляе 1 злоты або і менш.
Данута Рошчык з яблычнага басейна пад Варшавай ужо некалькі пакаленняў вядзе фруктовы сад. Яна падкрэслівае, што многія вытворцы знаходзяцца на мяжы выжывання.
— Сітуацыя вельмі дрэнная, за яблыкі прапануюць вельмі мала, немагчыма прадаць. Апырскванне каштуе дорага, таму я заўважыла, што мая ферма пачынае цярпець нястачу. У маёй дачкі прыгожыя яблыкі, але яна кажа: «Мама, я не збіраюся траціць усе грошы на апырскванне, бо я не змагу іх вярнуць». Яблыкі яна аддае ў пункт збору за 60 грошаў кілаграм.
Многія вытворцы яблык, груш, бульбы, гарбузоў, перца, памідораў у Польшчы запрашаюць кліентаў самастойна збіраць плады, якія яны могуць купіць па больш нізкай цане.
IAR/яс