Беларуская Служба

Польшча – 20-я эканоміка свету паводле МВФ, абагнала Швейцарыю

15.10.2025 09:15
Кастрычніцкія прагнозы МВФ пацвярджаюць: сёлета польская эканоміка абгоніць швейцарскую і зойме 20-е месца ў сусветным рэйтынгу.
 .
Ілюстрацыйнае фота.Kamil Zajączkowski/Shutterstock

Перад Польшчаю ў рэйтынгу – Саудаўская Аравія і Нідэрланды. Паводле разлікаў, праз пяць гадоў у Польшчы ВУП на душу насельніцтва, разлічаны па парытэце пакупніцкай здольнасці, будзе ўжо блізкі да нямецкага і брытанскага.

Рост і параўнанне з канкурэнтамі

Немалую ролю ў такім уздыме польскай эканомікі адыгрывае моцны злоты. Пералічаны ў долары кошт польскага ВУП мае скласці сёлета 1 трлн 40 млрд долараў, што дае ключы да ўваходу ў прэстыжнае кола 20 найбуйнейшых эканомік свету. Швейцарцы з прагназаванымі 1 трлн 3 млрд долараў мусяць задаволіцца 21-м месцам.

Паперадзе Польшчы знаходзяцца Саудаўская Аравія і Нідэрланды. Саудаўская Аравія – экспарцёр нафты, і ад курсу гэтага рэсурсу залежыць яе ВУП. Тут МВФ прагназуе, што дыстанцыю Польшча не зменшыць прынамсі на працягу наступных пяці гадоў. Да 2030 г. уключна яна мае перавышаць 200 млрд долараў.

Спыніцца мае гонка за Германіяй. З 2016 г. Польшча скараціла дыстанцыю з 4,5 трлн долараў да 3,2 трлн, але, паводле МВФ, наблізіцца да ўзроўню гэтай краіны, прынамсі ў найбліжэйшыя пяць гадоў, не атрымаецца. З наступнага года Нямеччына мае пачаць рух наперад і будзе расці розніца ў ВУП краін.

ВУП на душу насельніцтва па парытэце пакупніцкай здольнасці

Адна справа – сукупны ВУП усёй краіны, а іншая – узровень жыцця жыхароў. Гэтыя велічыні не заўсёды мусяць супадаць, хоць тэарэтычна, чым большая велічыня вытворчасці эканомікі, тым лепшым павінен быць узровень жыцця насельніцтва.

Карысным у ацэнцы ўзроўню жыцця з'яўляецца паказчык ВУП на душу насельніцтва паводле парытэту пакупніцкай здольнасці (ППЗ). Бо важна не толькі тое, колькі дзяржава зарабляе, але і колькі за гэтыя заробкі людзі могуць купіць.

Тут, на жаль, у сусветным рэйтынгу Польшча пакуль далёкая ад першай дваццаткі, але ўсё роўна займае высокае 41-е месца са 198 даследаваных краін.

Да Швейцарыі – далёка, спатрэбіцца шмат часу, каб нагнаць. У бягучым годзе, паводле МВФ, Польшча будзе прыкладна на ўзроўні 57% ад узроўню жыцця ў Швейцарыі (ВУП на жыхара паводле ППЗ).

Японцы за палякамі

Але што цікава, Польшча сёлета апярэджвае ў рэйтынгу Японію, а Партугалію пакінула ззаду ў 2020 г. і павялічвае перавагу над ёй. Таксама чакаецца, што ў наступным годзе Польшча абгоніць Ізраіль, Новую Зеландыю і Іспанію, а ў 2028 г. – Фінляндыю. Прынамсі, так сцвярджае МВФ.

Паводле аналітыкаў МВФ, ВУП Польшчы паводле ППЗ на душу насельніцтва ў 2030 г. мае перасягнуць бельгійскі і зраўняцца са славенскім. Да Германіі будзе не хапаць каля 2%, падобная сітуацыя прагназуецца ў адносінах з Італіяй, а да брытанскага ўзроўню будзе не хапаць 3%.

Паводле Business Insider Polska/вх