Беларуская Служба

У Польшчы ўрад хоча замарозіць рост зарплат у медыцыне. Медыкі: Чакайце забастовак

25.10.2025 06:02
Медасяроддзе і прафсаюзы паведамілі, што ў абароне сваіх правоў не выключаюць масавых пратэстаў і забастовак.
Карэта варшаўскай хуткай медыцынскай дапамогі фота: Беларуская служба Польскага радыё/Radyjo.net

У польскім Нацыянальным фондзе аховы здароўя – вялізны дэфіцыт. Сёлета ён складае 14 млрд злотых (больш за 3 млрд 309 млн еўра), у наступным годзе прадбачыцца ў памеры 23 млрд злотых (больш за 5 млрд 437 млн еўра). Нагадаем, у Нацыянальны фонд аховы здароўя паступаюць узносы ад кожнага працуючага жыхара Польшчы. Пазней сродкі з фонду прызначаюцца на дзейнасць дзяржаўнай службы аховы здароўя.

У сувязі з недахопам фінансавых сродкаў ва ўрадзе Польшчы з’явілася ідэя замарозіць штогадовае павышэнне зарплат медыцынскаму персаналу. Некалькі гадоў таму ў Польшчы быў прыняты закон, які стаў кансэнсусам паміж урадам краіны і медыцынскім асяроддзем, згодна з якім заробкі медыкаў кожны год будуць павышацца. Для прыкладу, сёлета павышэнне склала крыху больш за 14%. Такім чынам, актуальны ўрад хоча прыпыніць дзеянне дамоўленасці, дасягнутай паміж папярэднім кіраўніцтвам Польшчы і медыцынскім асяроддзем.

Дарэчы, рост заробкаў пазітыўным чынам паўплываў на сістэму аховы здароўя, таму што медыкі перасталі выязджаць за мяжу за працай, паколькі ў Польшчы іх заробкі сталі нядрэннымі. Але ўрад, шукаючы ашчаднасцей, думае прыпыніць штогадовае павышэнне зарплат медыкам. У адказ на такія планы прадстаўнікі розных медыцынскіх прафесій заявілі, што не згаджаюцца на тое, каб бюджэтная дзірка латалася за іх кошт.

Медасяроддзе і прафсаюзы паведамілі, што ў абароне сваіх правоў не выключаюць масавых пратэстаў і забастовак.

вс