Расійскі звадкаваны газ (LPG) хутка цалкам знікне з рынку Еўрапейскага саюза. Такую мэту паставілі сабе еўрапейскія рэгулятары, прыняўшы найноўшы, 19-ы пакет санкцый супраць Масквы. Паводле выдання Rzeczpospolita, Польшча ўжо гатовая да гэтых зменаў.
Еўрапейскі Cаюз забараняе ўвоз у краіну расійскага LPG — у тым ліку ізабутану і н-бутану, якія ўваходзяць у яго склад. Новыя правілы павінны ўступіць у сілу 26 студзеня 2026 года.
Як нагадаў дырэктар Польскай арганізацыі звадкаванага газу Барташ Квяткоўскі, яшчэ летась 12-ы пакет санкцый ахопліваў прапана-бутанавыя сумесі, але не датычыў высокачыстых бутанаў (звыш 95%) і ізабутану, які выкарыстоўваецца, напрыклад, у аэразольнай вытворчасці. Гэтыя прадукты і ў 2025 годзе могуць легальна трапляць у Польшчу. Тым не менш доля расійскага LPG у агульным імпарце ўпала з 44% летась (і 75% у 2018-м) да 14% у студзені–жніўні 2025 года.
«Дзеянні, распачатыя прадпрыемствамі ў 2024 годзе, выдатна падрыхтавалі рынак да эмбарга. Нягледзячы на змену напрамкаў паставак, дэфіцыту газу не ўзнікала», — адзначыў Квяткоўскі. Паводле яго, сёлета польскія імпарцёры заплацілі расійскім пастаўшчыкам каля 450 мільёнаў злотых (больш за 100 млн еўра), у параўнанні з 2,3 мільярда ў мінулым годзе (каля 500 млне еўра).
Эксперт таксама звярнуў увагу, што праз слабую актыўнасць кітайскай эканомікі і гандлёвыя напружанні паміж ЗША і Кітаем амерыканскія пастаўшчыкі могуць накіраваць лішак газу ў Еўропу, у тым ліку ў Польшчу.
Паводле ацэнак аналітыкаў, значнага росту цэнаў па аўтагаз не чакаецца — на сусветным рынку назіраецца перавышэнне прапановы LPG над попытам, асабліва дзякуючы пашырэнню экспартных магутнасцяў у краінах Персідскай затокі, паведамляе Rzeczpospolita.
эж