За тры кварталы гэтага года продаж аўтамабіляў з Кітая ў Польшчы вырас у пяць разоў. Ужо праз тры гады іх можа быць на польскіх дарогах нават мільён штук — паведамляе Rzeczpospolita.
Паводле дадзеных Польскага саюза аўтамабільнай прамысловасці (PZPM), за першыя дзевяць месяцаў гэтага года ў Польшчы зарэгістравалі больш за 28,9 тысячы новых легкавых аўтамабіляў кітайскай вытворчасці, а за той жа перыяд мінулага года – каля 5,7 тыс.
У выніку доля машын «made in China» на польскім рынку новых аўто павялічылася з 1,4% летась да 6,8% сёлета.
Газета адзначае, што пры такіх тэмпах кітайскія вытворцы могуць у бліжэйшыя гады пачаць дамінаваць на польскім рынку новых аўтамабіляў.
— Мяркую, што ўжо ў 2028 годзе колькасць прададзеных у Польшчы аўто кітайскіх марак можа дасягнуць мільёна штук, — сказаў у каментарыі выданню старшыня Superauto.pl Каміль Макула.
Rzeczpospolita падкрэслівае, што рост продажаў кітайскіх аўто адбываецца з хуткасцю, недасяжнай для вядомых брэндаў. Напрыклад, Omoda, якая ў верасні заняла 22-е месца ў рэйтынгу папулярнасці, павялічыла продажы больш чым на 1400 працэнтаў у параўнанні з мінулым годам — і толькі ў верасні прадала ў два з паловай разы больш аўто, чым Fiat.
Марка Jaecoo, якая за першыя тры кварталы мінулага года зарэгістравала толькі сем аўтамабіляў, з пачатку гэтага года прадала ўжо больш за 4,2 тысячы, дасягнуўшы амаль аднаго працэнта агульнага рынку — больш, чым Honda ці Seat.
— Кітайскі ўрад лічыць аўтамабільную галіну стратэгічнай і імкнецца павялічыць экспарт. Вытворчасць машын у Кітаі значна таннейшая, — адзначыў у размове з выданнем старшыня Польскага саюза аўтамабільнай прамысловасці Якуб Фарысь (Jakub Faryś).
Рост попыту на кітайскія аўтамабілі адбываецца ў першую чаргу дзякуючы індывідуальным пакупнікам. Эксперты мяркуюць, што яны ўсё часцей будуць выбіраць новыя, недарагія кітайскія аўтамабілі, замест ужываных машын еўрапейскіх марак, як гэта было раней.
нг