Гэтыя дадзеныя тлумачаць, чаму ў краіне заробкі медыцынскага персаналу, а галоўным чынам дактароў, апошнім часам так выраслі.
Дактары з Польшчы едуць на Захад
Філіпіны, Індыя і Польшча – гэта тры галоўныя краіны паходжання медсясцёр, якія працуюць па-за межамі сваёй краіны нараджэння, – адзначана ў новым дакладзе Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР). Пры гэтым лёгка можна вызначыць, куды канкрэтна выехалі польскія медсёстры. З краін, адносна блізкіх геаграфічна, 28% медсясцёр у Вялікабрытаніі – гэта імігранткі (199 тыс. медсясцёр), у Швейцарыі гэты паказчык складае 33% (43 тыс. медсясцёр), і 19% у Германіі (241 тыс.). Больш за 40% медсясцёр з іміграцыі знаходзіцца ў Аўстраліі, Новай Зеландыі і Ізраілі.
Тэма міграцыі тычыцца і дактароў. «Краіны, такія як Польшча, Венгрыя, Грэцыя ці Славакія, з'яўляюцца чыстымі экспарцёрамі дактароў і медсясцёр у іншыя краіны Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця», – адзначаецца ў дакладзе. Гэта азначае, што Польшча ўваходзіць у лік краін, якія за грошы сваіх падаткаплацельшчыкаў рыхтуюць дактароў для іншых сістэм аховы здароўя.
Дактары з Польшчы папаўняюць сістэмы аховы здароўя ў Германіі, Швейцарыі, Швецыі і Канадзе.
У Швецыі, дзе больш за 30% практыкуючых урачоў зʼяўляюцца замежнікамі, палякі паводле дакладу АЭСР, складаюць найбуйнейшую групу. Пасля іх ідуць румыны і венгры.
Да 2020 г. такі «экспарт» урачоў з Польшчы склаў агулам 16,3 тыс., што азначае рост на 122% у параўнанні з 2000 г., а медсясцёр – 64,3 тыс., што азначае рост на 232% у параўнанні з 2000 годам.
Гэта тлумачыць, чаму ў апошнія гады назіраем рост заробкаў у сферы аховы здароўя. Можна, вядома, змяніць правілы навучання медыкаў, але польская сістэма пайшла шляхам выраўноўвання заробкаў з Захадам на карысць медыцынскага персаналу.
Хто выцягвае работнікаў з медыцынскай сістэмы?
Найбольш забірае кадраў сістэма аховы здароўя ў Люксембургу. 100% тамтэйшых урачоў атрымлівалі свае першыя кваліфікацыйныя дакументы па-за межамі краіны. Высокі паказчык навучаных за мяжой таксама сярод урачоў у Ізраілі (58,5%), Нарвегіі (44%), Новай Зеландыі (42%), Аўстраліі (31%), Швецыі (28%) і Чылі (25%).
Цікавай зʼяўляецца яшчэ інфармацыя АЭСР пра само навучанне ўрачоў. «У краінах АЭСР колькасць новых выпускнікоў медыцыны на 100 тыс. жыхароў вырасла больш чым на 70% – дасягнуўшы ўзроўню больш за 14 выпускнікоў на 100 тыс. асоб – у 2000-2023 гадах.
Рост адзначылі ўсе краіны, прычым Літва, Польшча і Партугалія патроілі колькасць выпускнікоў, у той час як у такіх краінах, як Германія і Нарвегія, рост быў на нізкіх двухзначных узроўнях», – гаворыцца ў дакладзе.
Але і Польшча карыстаецца паслугамі ўрачоў-замежнікаў. «У 2020–2021 гадах адсотак урачоў, якія нарадзіліся за мяжой, вагаўся ад 4% або менш у Мексіцы, Польшчы і Славацкай Рэспубліцы да больш за 50% у Аўстраліі, Люксембургу і Новай Зеландыі. У Ірландыі, Ізраілі, Швейцарыі і Вялікабрытаніі ён перавысіў 40%», – пішуць аналітыкі АЭСР.
На амаль 113 тыс. урачоў, якія працуюць у Польшчы, толькі няпоўныя 3 тыс. нарадзіліся па-за межамі Польшчы.
Як паведамляе АЭСР, толькі 5,7 тыс. урачоў, гэта значыць 3,8% тых, хто працуе ў Польшчы, атрымалі свае першыя кваліфікацыйныя дакументы на прафесію за межамі краіны. Гэта вельмі нізкі паказчык як для развітых краін, абʼяднаных у арганізацыю. Польшча сярод краін АЭСР мае пасля Літвы самы нізкі паказчык працаўладкавання дактароў, што вучыліся па-за межамі краіны.
У Польшчу працаваць прыязджаюць урачы галоўным чынам з Украіны, Беларусі і Расіі. На канец 2022 г. іх было агулам 5,7 тыс., гэта значыць на 131% больш, чым у 2010 г..
Сярод медсясцёр найніжэйшы адсотак імігрантак адзначаны менавіта ў Польшчы (0,2%), Мексіцы (0,6%) і Славакіі (2,0%). Найвышэйшы паказчык медсясцёр-імігрантак маюць Новая Зеландыя (42,7%), Аўстралія (41,1%) і Ізраіль (40,5%).
Паводле businessinsider.com.pl/вх