Гэтае рашэнне з'яўляецца сурʼёзнай праблемай для транспартных кампаній, якія займаюцца перавозкай тавараў з Кітая ў Еўрапейскі Саюз праз тэрыторыю Расіі і Беларусі. Многія з іх зарэгістраваныя ў краінах Балтыі і Польшчы, а таксама наймаюць работнікаў з Цэнтральнай Азіі, Грузіі і Украіны.
Літоўскія медыя звяртаюць увагу, што дзеянні Мінска зʼяўляюцца рэакцыяй на рашэнні Літвы і Польшчы аб закрыцці межаў з Беларуссю. На мінулым тыдні Вільня пайшла на гэты крок у сувязі з узмацненнем інцыдэнтаў з удзелам метэаралагічных і кантрабандных паветраных шароў, якія нібыта парушалі літоўскую паветраную прастору з боку Беларусі.
Прэс-сакратар урада Польшчы Адам Шлапка паведаміў, што прэмʼер-міністр Дональд Туск і прэмʼер-міністр Літвы Інга Ругінене дамовіліся аб адкрыцці польскіх памежных пераходаў з Беларуссю «прыкладна ў сярэдзіне лістапада».
Прэмʼер Польшчы Туск заявіў, што ў лістападзе ўрад будзе гатовы да адкрыцця двух пераходаў: у Баброўніках і Кузніцы. Як ён адзначыў, рашэнне аб адкрыцці мае «часовы характар» і будзе прынята пасля кансультацый з Літвой.
Генеральны сакратар Міжнароднага альянсу транспарту і лагістыкі (TTLA) Павілас Дрыжас выказаў ацэнку, што сітуацыя вельмі цяжкая. «Нашы гандлёвыя адносіны ўжо пачынаюць адчуваць негатыўныя наступствы гэтага закрыцця мяжы», – сказаў ён BNS. Паводле яго слоў, «Літва можа паступова знікнуць з лагістычнай ці гандлёвай мапы».
Віцэ-прэзідэнт Нацыянальнай асацыяцыі аўтамабільных перавозчыкаў «Linava», Алегас Тарасавас, сказаў, што «сітуацыя блізкая да катастрофы, і калі мяжа не будзе адкрыта, літоўскія перавозчыкі будуць выціснутыя з рынку».
Рашэнне Лукашэнкі прадугледжвае, што забаронай руху па тэрыторыі Беларусі ахоплены прычэпы, зарэгістраваныя ў Польшчы і Літве, а таксама легкавыя аўтамабілі, зарэгістраваныя ў Польшчы, якія ажыццяўляюць міжнародныя перавозкі на падставе індывідуальных або міжнародных накладных CMR. Абмежаванні будуць дзейнічаць да канца 2027 года.
Закрытыя пераходы
Памежны пераход у Кузніцы быў закрыты 9 лістапада 2021 года пасля атакі, арганізаванай беларускім бокам, з удзелам мігрантаў.
З 9 лютага 2023 года не працуе таксама пераход у Баброўніках – рашэнне было прынята пасля прысуду дзеячу Саюза палякаў на Беларусі і журналісту Анджэю Пачобуту.
З часоў пандэміі закрытым застаецца таксама пераход у Палоўцах. Цяпер функцыянуюць чыгуначныя пераходы ў Кузніцы і Семяноўцы, якія абслугоўваюць выключна грузавы рух. Таксама працуе пераход Тэрэспаль – Брэст.
Паводле money.pl/вх