Беларуская Служба

Працоўны рынак: шмат іншаземцаў працуе ў Польшчы на часовых кантрактах. Гэта можа змяніцца

17.11.2025 16:00
Гаворка ідзе аб тым, што інспектары змогуць мяняць заключаныя працоўныя дамовы.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Tung Lam/pixabay.com/CC0 Public Domain

З дэмаграфіяй у Польшчы дрэнна. Дзяцей нараджаецца мала, у маладога пакалення пенсіі будуць невялікія. Акрамя таго, многія людзі працуюць на часовых кантрактах, не плацяць адпаведных узносаў. Дзеля паляпшэння сітуацыі была апрацаваная рэформа, падрабязнасці якой апісвае Gazeta Wyborcza.

Гаворка ідзе аб тым, што інспектары змогуць мяняць заключаныя працоўныя дамовы – так званыя В2В (калі працаўнік з’яўляецца не штатным супрацоўнікам кампаніі, а выстаўляе фактуру за сваю працу), а таксама іншыя часовыя дамовы – у працоўныя кантракты, якія даюць больш правоў працаўніку, а наймальнік павінен плаціць за яго ўсе сацыяльныя ўзносы і падаткі.

Найбольш пратэстаў выклікала магчымасць патрабавання заплаціць пратэрмінаваныя ўзносы і падаткі, калі інспектар вырашыць, што працаўнік павінен працаваць на працоўнай дамове. У апошняй версіі закона фігуруе максімальна трохгадовы тэрмін заплаты ўзносаў і падаткаў.  

Інспектар і раней меў права ўнесці справу ў суд, калі б вырашыў, што працаўнік павінен працаваць на пастаяннай аснове. Цяпер ён зможа выбіраць далейшы шлях – падаць у суд, або асабіста выдаць рашэнне аб перакваліфікацыі часовага кантракту ў працоўную дамову. Гэты пункт выклікае сумненні наконт адназначнасці юрыдычных прынцыпаў, якія павінны быць аднолькавыя для ўсіх, - адзначае эканаміст Лукаш Казлоўскі з Федэрацыі польскіх прадпрымальнікаў.

Новыя правілы павінны пачаць дзейнічаць са студзеня 2026 года, урад намераны іх прыняць яшчэ ў лістападзе, пазней законапраект разгледзіць Сейм і зацвердзіць прэзідэнт.  

нг