Беларуская Служба

Еўрапейскі Саюз прымае меры супраць невялікіх пасылак з Кітая

18.11.2025 15:11
Брусель хоча паскорыць увядзенне мытных пошлін на невялікія пасылкі з Кітая, нягледзячы на ​​план зрабіць гэта ў 2028 годзе.
Аўдыё
  • У перадачы: На Падляшшы пачынаецца працэс адраджэння мясцовай эканомікі; ЕС прымае меры супраць невялікіх пасылак з Кітая; Польшча сярод лідараў ЕС па эканамічным росце
Гандлёвы карабельpixabay.com/Dendoktoor

Тарыфы могуць быць уведзеныя ў пачатку наступнага года. У цяперашні час адпраўленні коштам да 150 еўра вызваляюцца ад мытных пошлін. Гэта было зроблена для таго, каб палегчыць працу мытнікаў, бо пасылак было і ёсць вялікая колькасць.

Аднак на практыцы кітайскія платформы электроннага гандлю масава выкарыстоўваюць гэты закон і падзяляюць вялікія пасылкі на меншыя, якія не патрабуюць мытных аплат. Гэта скажае рынак і канкурэнцыю, і Еўрапейскі Саюз хоча ўвесці тарыфы. У канчатковым выніку невялікія пасылкі з Кітая будуць крыху даражэйшымі.

«ЕС хоча абараніць свой рынак», — кажа Барташ Задура з Прадстаўніцтва Еўрапейскай камісіі ў Польшчы.

— Гэта не з'яўляецца ініцыятывай чыноўнікаў, гэта ініцыятыва дзяржаў-членаў, бо праблема існуе ўжо даўно. Ідэя заключаецца ў тым, каб скасаваць парог у 150 еўра, да якога не спаганяюцца мытныя пошліны. Незалежна ад кошту пасылкі, нават з 5 ці 10 еўра, мытныя пошліны павінны спаганяцца.

Праблема з кітайскімі таварамі сапраўды значная. Еўрапейскі Саюз быў завалены невялікімі пасылкамі з Кітая. Толькі ў мінулым годзе на рынак ЕС паступіла больш за 4,5 мільярда адпраўленняў з Кітая. Адпраўленні коштам да 150 еўра падвоіліся на працягу года, а за два апошнія гады яны патроіліся.

Старшыня праўлення Палаты электроннай камерцыі Патрыцыя Сас-Станішэўская высока ацэньвае рашэнне Еўрапейскай камісіі паскорыць уступленне ў сілу новых правілаў на два гады.

— У 2028 годзе будзе занадта позна як для польскага, так і для еўрапейскага імпарту. Гледзячы на ​​тое, што адбываецца з кітайскімі платформамі, я спадзяюся, што астатнія меры таксама дапамогуць нам забяспечыць еўрапейскі рынак, але, перш за ўсё, выраўнаваць прававую і канкурэнтную базу. Наша мэта не ў тым, каб выключыць кітайскія суб'екты з еўрапейскага ці польскага рынку. Наша мэта — гарантаваць, што ўсе будуць працаваць па аднолькавых правілах, гэта значыць, будуць паважаць заканадаўства ЕС, спажывецкае заканадаўства і належным чынам выконваць мытныя правілы.

На дадзены момант ЕС плануе ўвесці збор у памеры 2 еўра за пасылку, але канчатковая сума пакуль не пацверджана.

ПР1/яс