Палякі дасягаюць эканамічных поспехаў за мяжой у многіх галінах прамысловасці: ад камп'ютэрных гульняў па харчовы сектар, моду і электронную камерцыю. Прадстаўнікі дыяспары заклікаюць польскія ўстановы шырэй прасоўваць эканамічныя дасягненні палякаў за мяжой.
Рост польскага экспарту ў апошнія дзесяцігоддзі прывёў да таго, што польская прадукцыя цяпер выходзіць на глабальныя рынкі праз анлайн-платформы, а польскія кампаніі замацоўваюцца за мяжой дзякуючы інавацыям і якасці сваіх вырабаў. Спіс поспехаў даволі шырокі. CD Projekt, які атрымаў міжнародную вядомасць дзякуючы серыі гульняў «Ведзьмак», стаўшы буйным вытворцам гульняў у свеце. LPP, уладальнік Reserved, Cropp і іншых брэндаў, пашырае сваю дзейнасць за мяжой і мае крамы ў многіх краінах. Шматлікія польскія кампаніі дасягнулі экспартнага поспеху, у тым ліку Mlekpol і Mlekovita (малочныя прадукты), Maspex (сокі і варэнне) і Tarczyński (мяса і каўбасы). Польскія прадпрымальнікі штогод экспартуюць тавараў на суму больш за 5 мільярдаў злотых праз такія платформы, як Amazon, асабліва паспяхова прадаючы касметыку, адзенне і вырабы ручной працы.
Гэтаму поспеху спрыяе яшчэ і так званая «эканамічная Polonia», то бок арганізацыі польскай дыяспары за мяжой, звязаныя з бізнесам. Дзякуючы іх намаганням усталёўваюцца дзелавыя кантакты, адбываецца абмен ведамі і вопытам паміж прадпрымальнікамі, а польская дыяспара ўдзельнічае ў інвестыцыях у Польшчы.
Ёсць установы, якія працуюць над падтрымкай эканомікі польскай дыяспары, такія як Камітэт Сената па эміграцыі і кантактах з палякамі за мяжой і Камітэт Сейма па кантактах з палякамі за мяжой. Прадстаўнікі арганізацый польскай дыяспары заклікаюць да больш шырокага прасоўвання гэтай дзейнасці ў краіне. Інжынер Пётр Вінярскі, які кіруе інфармацыйным парталам па эканоміцы польскай дыяспары, звярнуўся з гэтым заклікам падчас прэс-канферэнцыі ў сядзібе Польскага прэсавага агенцтва (PAP), прысвечаную адкрыццю Сусветнага форуму польскіх дыяспарных СМІ ў Варшаве.
— У сітуацыі кінетычнай вайны на Усходзе, будучыня Польшчы і наш суверэнітэт залежаць ад эканамічнай сітуацыі. Польская дыяспары і польскія прадпрымальнікі за мяжой могуць адыграць тут вельмі важную ролю. Я хацеў бы заклікаць вас прысвячаць больш увагі ў вашых дэпешах да дзейнасці польскай дыяспары па ўсім свеце, каб прасоўваць і дэманстраваць нас, мы маем шмат поспехаў, у першую чаргу гэта тычыцца пра польскіх прадпрымальнікаў з дыяспары. На маю думку, іх досвед патрэбны польскім кампаніям для садзейнічання экспарту і прасоўванню тавараў. Без эканамічнай моцы любыя іншыя мэты будуць немагчымыя.
Гэта слушнае меркаванне, пагадзіўся кіраўнік Польскага прэсавага агенцтва (PAP) Марэк Блоньскі.
— У PAP ёсць каля дзясятка пастаянных замежных карэспандэнтаў, у нас ёсць каля дзясятка філіялаў. Акрамя таго, у нас ёсць супрацоўнікі ў многіх краінах, якія маюць сувязі, але якія часта даюць нам вельмі цікавую інфармацыю. Мы чуйна ставімся да ўсяго польскага: розных цікавінак, актыўнасці амбасад і консульстваў, але таксама прадпрымальнікаў. Магчыма, што не заўсёды атрымліваецца так, як бы мы хацелі, але варта больш пісаць на такія тэмы.
Кіраўнік РАР заявіў, што патрэбны міжнародны праект супрацы з удзелам польскай дыяспары.
— Мы таксама думалі пра пасольствы, консульствы і польскія дыпламатычныя місіі, якія маглі б атрымліваць нашы паслугі, а таксама прадстаўляць некаторую інфармацыю нашым карэспандэнтам і нашаму замежнаму аддзелу. Калі б мы маглі ўсё эфектыўна звязаць разам, гэта, безумоўна, спрасціла б справы. Гаворка ідзе не пра якія-небудзь рэкламныя або маркетынгавыя мерапрыемствы, а пра інфармаванне аб тым, хто дзе працуе, што ёсць кампаніі, якімі паспяхова кіруюць палякі за мяжой, што ёсць каналы для ўстанаўлення кантактаў. магчыма нам трэба прыдумаць праект супрацы.
Зацікавіцца прыкладамі паспяховых польскіх бізнесаў за мяжой заклікаў і прадстаўнік Еўрапейскага саюза польскіх дыяспар Эдвард Трусевіч.
— Гэта выклік для нас, польскіх СМІ, каб зацікавіцца, больш пісаць пра людзей, звязаных з прадпрымальніцтвам, звязаных з польскім бізнесам. Так польская дыяспара магла б паказаць, хто патэнцыйна паспяховы, знаходзіць правільныя бізнес-вырашэнні. Калі б прадставіць такую асобу шырокай грамадскасці, гэта магло быць карысна для польскага бізнесу ў цэлым.
Прадстаўнікі польскіх замежных СМІ ды РАР звярнулі ўвагу на неабходнасць шырэйшага інфармавання пра эканамічную актыўнасць польскай дыяспары ў свеце.
Юры Ліхтаровіч