Беларуская Служба

У правілах адносна бальнічнага (L4) адбудзецца важная змена

25.11.2025 16:30
Ідэя заключаецца ў тым, каб прадухіліць сітуацыю, што Фонд сацыяльнага страхавання (ZUS) пазбаўлаяe супрацоўніка права на выплату бальнічных за любыя дзеянні падчас хваробы.
ZUS (zdjęcie ilustracyjne)
ZUS (zdjęcie ilustracyjne)Marysia Zawada/REPORTER

Дзеючыя правілы ў Польшчы прадугледжваюць, што падчас бальнічнага супрацоўніку нельга займацца дзейнасцю, якая яму дае заробак або дзейнасцю, несумяшчальнай з мэтай бальнічнага. На жаль, польскія законы не вызначаюць, што лічыцца «аплачваемай працоўнай дзейнасцю» або дзейнасцю, «несумяшчальнай з мэтай водпуску».

Дзейсныя законы таксама не ўлічваюць ніякіх выключэнняў, таму Фонд сацыяльнага страхавання (ZUS) часта ставіў пад сумнеў заявы на бальнічны і адмаўляў у выплаце па хваробе. Аднак,чакаецца, што гэта хутка зменіцца, кажа Себасцьян Гаеўскі, намеснік міністра сям'і, працы і сацыяльнай палітыкі.

— З дапамогай гэтых змен мы хочам рацыяналізаваць правілы бальнічнага і ўнесці ў іх здаровы сэнс. Падчас бальнічнага нельга рабіць рамонт у кватэры або ехаць у адпачынак, і гэта зразумела. Але таксама відавочна, што ніхто не павінен губляць права на аплату бальнічнага за ўвесь перыяд хваробы толькі таму, што пайшоў на шпацыр, схадзіў у прадуктовую краму па неабходныя рэчы ці, напрыклад, занёс мужу абед на працу — такія выпадкі мы ведаем.

Міністэрства таксама лічыць, што ніхто не павінен губляць права на аплату бальнічнага за выкананне так званай інцыдэнтнай дзейнасці, звязанай з працаўладкаваннем. У цяперашні час Фонд сацыяльнага страхавання (ZUS) можа аспрэчыць бальнічны, нават калі хворы адкажа хаця б на адзін працоўны званок, або адправіць электронны ліст па працы. Аднак ёсць выпадкі, калі гэта неабходна, напрыклад, трэба тэрмінова падпісаць важны рахунак-фактуру. Новыя правілы таксама ўводзяць яшчэ адно важнае выключэнне з агульнага правіла, якое забараняе працу падчас бальнічнага. Гэта датычыцца людзей, якія занятыя ў некалькіх арганізацыях.

У цяперашні час мяркуецца, што калі работнік атрымлівае бальнічны, ён не можа працаваць нідзе, кажа Лукаш Казлоўскі з Федэрацыі польскіх прадпрымальнікаў.

— Для людзей, якія працуюць адначасова ў некалькіх арганізацыях, магчымая сітуацыя, калі лекар будзе індывідуальна ацэньваць, ці з'яўляецца дадзеная хвароба прычынай непрацаздольнасці на ўсіх працоўных месцах, ці толькі для працы, якая выконваецца на адной пасадзе, але не будзе перашкаджаць працаваць на іншай.

У якасці, прыкладу прыводзіцца хірург, які працуе ў бальніцы і адначасова выкладае ва ўніверсітэце, зламаў палец. У такім выпадку, у яго не атрымаецца аперыраваць пацыентаў, але ён можа чытаць лекцыі студэнтам. І менавіта на гэтыя і падобныя сітуацыі распаўсюджваецца абмеркаванае тут новаўвядзенне.

Змены ўжо прыняў Сейм. Цяпер законапраект павінен ухваліць Сенат і падпісаць прэзідэнт Польшчы.

PR1/яс

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі