Беларуская Служба

Еўракамісія плануе да 2040 года стварыць сетку хуткасных чыгунак. Ці паспеe Польшча

02.12.2025 13:21
Паводле плана, падарожжа паміж Капенгагенам і Берлінам скароціцца з сямі да чатырох гадзін, а паміж Афінамі і Сафіяй — больш чым удвая — да 6 гадзін.
.
.Jason/Pixabay/CC0

Еўрапейская Камісія прадставіла амбіцыйны план па развіцці безвугляроднага транспарту. Асноўная мэта — злучыць сталіцы Еўропы чыгункай высокіх хуткасцяў да 2040 года, дапоўніўшы існуючыя магістралі і пабудаваўшы новыя, чытаем на партале biznesalert.pl. Паралельна прадугледжваецца падтрымка вытворчасці экалагічных паліў для авіяцыі і марскога транспарту.

Паводле экспертаў, Польшча мае шанец укласціся ў тэрміны дзякуючы ўжо распачатым праектам — у тым ліку Rail Baltica і развіццю ліній, якія звязаныя з будучым Цэнтральным камунікацыйным портам (CPK). Пастаўленая Еўрасаюзам задача патрабуе шырокай мадэрнізацыі чыгунак ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе, аднак у Варшаве перакананыя: большая частка злучэнняў можа быць рэалізавана.

Паводле плана, падарожжа паміж Капенгагенам і Берлінам скароціцца з сямі да чатырох гадзін, а паміж Афінамі і Сафіяй — больш чым удвая — да 6 гадзін. Магчымымі стануць і новыя маршруты, напрыклад Парыж — Лісабон. Каб знізіць кошты білетаў, Брусель хоча стымуляваць канкурэнцыю і ўніфікаваць сістэмы продажу квіткоў.

Інвестыцыйныя патрэбы ацэньваюцца ў найменш 345 млрд еўра да 2040 года і ў больш за 500 млрд — да 2050-га. Еўрапейская супольнасць чыгуннага транспарту называе праект гістарычнай магчымасцю перайсці ад разрозненых хуткасных ліній да агульнаеўрапейскай сеткі.

У Польшчы ўжо пашыраюцца міжнародныя маршруты PKP Intercity — у Кіеў, Берлін, Вену, Прагу, Браціславу і іншыя гарады. Працягваюцца працы над злучэннем Катавіцы — Астравa.

Другі элемент стратэгіі ЕС — развіццё нізкавугляродных паліў для авіяцыі і суднаходства. На гэтыя мэты плануецца накіраваць 3 млрд еўра, каб паскорыць пераход да прамысловай вытворчасці сінтэтычных паліў і ўмацаваць лідарства Еўропы ў кліматычных тэхналогіях.