Беларуская Служба

Еўрапейскі саюз аб'яўляе вайну таннай «кітайшчыне»

03.12.2025 12:05
Еўрапейская камісія рыхтуе новыя нормы, якія павінны абмежаваць продаж азіяцкіх тавараў, шкодных для спажыўцоў і разбуральных для рынку.
Shein i Temu na smartfonie
Shein i Temu na smartfonieIchiro Ohara/Associated Press/East News

Джынсы за 29 злотых і вечаровая сукенка за 60 злотых? Такія нізкія цэны прапануюць толькі платформы кшталту Temu або Shein. Таннасць прываблівае кліентаў, але разбурае еўрапейскі бізнес і падрывае здароўе спажыўцоў. Кітайскі ўрад датуе вытворчасць тавараў, каб заваяваць рынак ЕС. А кампаніі не надта дбаюць пра стандарты бяспекі, піша Rzeczpospolita.

Мыта нават на малыя пасылкі з Кітая

– Сярод нядаўна праверанай касметыкі з кітайскіх платформаў аж 97 працэнтаў утрымлівалі рэчывы, шкодныя для здароўя, – сказаў Майкл МакГрат (Michael McGrath), еўракамісар па пытаннях вяршэнства права і абароны спажыўцоў, падчас канферэнцыі з нагоды Дня спажыўца. Ён таксама абвясціў, што ў наступным годзе Камісія падрыхтуе пакет змяненняў у заканадаўстве і зробіць крокі, каб пакласці канец несумленным рынкавым практыкам.

Першым крокам павінна стаць скасаванне нормы, што вызваляла ад мыта пасылкі вартасцю да 150 еўра. Цяпер у ЕС прыбывае 12 мільёнаў такіх пасылак у дзень, г. зн. 4,6 млрд у год.

Перашкодай для танных кітайскіх тавараў павінна стаць і змена правілаў адносна ПДВ. Ідзе размова пра ўзмацненне абавязку рэгістрацыі інтэрнет-платформаў у сістэме так званай комплекснай апрацоўкі імпарту – а на практыцы пра больш строгі кантроль за спагнаннем гэтага падатку пры імпартаванні.

Яшчэ адна запланаваная змена – цэнтралізацыя расследаванняў у справах шкодных рыначных практык і наданне Камісіі паўнамоцтваў накладаць штрафы за парушэнні спажывецкіх правілаў.

Акрамя таго, новыя правілы павінны абавязаць гандлёвыя інтэрнэт-пляцоўкі стварыць на тэрыторыі ЕС суб’ект (напрыклад, зарэгістраваную тут кампанію), які будзе несці адказнасць за якасць і бяспеку тавараў.

Temu і Shein будуць вымушаныя ствараць кампаніі ў Еўрасаюзе

Як ацэньвае адвакатка Яанна Афрэ, спецыялістка ў праве абароны рынку і спажыўцоў, прапановы Камісіі могуць зрабіць дзейнасць органаў кантролю значна больш эфектыўнай, а непасрэдна спажыўцы таксама выйграюць.

– Па-першае, уладам ЕС і дзяржаў-чальцоў будзе лягчэй выконваць нормы якасці і бяспекі, а па-другое – спажывец зможа прасцей падаць рэкламацыю і адстойваць свае правы. Падобна адбываецца цяпер, калі, напрыклад, польскі спажывец незадаволены таварам, купленым у Іспаніі – ён можа ў Польшчы падаць у суд на іспанскага вытворцу, – тлумачыць экспертка.

На яе думку, цэнтралізацыя працэдур у справах парушэнняў роўнай канкурэнцыі суб’ектамі з-за межаў ЕС таксама можа даць добры эфект.

Эксперты, аднак, перасцерагаюць Камісію, каб тая не «выліла дзіця разам з вадой»: змены не павінны прыводзіць да падрыву бізнес-мадэлі інтэрнэт-платформаў продажу, бо такім чынам дзейнічае шмат еўрапейскіх кампаній, якія прадаюць легальныя тавары.

вх