Гэта гульня значна больш высокага ўзроўню, чым проста барацьба з кантрабандай наркотыкаў у ЗША. Новы ўрад у Каракасе, спрыяльны Вашынгтону, азначаў бы, што ЗША маглі б стаць энергетычнай дзяржавай, нават канкуруючы з нафтавай дзяржавай Саудаўскай Аравіяй, піша эканамічны партал money.pl.
Гэтаму маглі б спрыяць велізарныя рэсурсы Венесуэлы, занядбаны патэнцыял краіны, аслаблены санкцыямі, і яе блізкасць да амерыканскіх нафтаперапрацоўчых заводаў.
«Нафтавы сектар, верагодна, будзе першай сферай цікавасці для ЗША пасля палітычных змен у Венесуэле. Развіццё венесуэльскага нафтавага сектара можа быць спынена, каб захаваць канкурэнтаздольныя пазіцыі ЗША ў гэтай галіне, або, што здаецца больш верагодным, пашырыцца, тым самым павялічваючы пастаўкі нафты ў заходнія краіны і зніжаючы цану на гэты тавар», – тлумачыць доктар Катажына Сераціньска, старшы аналітык Польскага эканамічнага інстытута.
Як адзначае Financial Times, цяперашняя здабыча нафты ў Венесуэле перавышае 1 мільён барэляў у дзень, прычым большая частка экспарту ідзе ў Кітай, часта прадаючыся са зніжкай ад 10% да 20%, каб абысці абмежаванні ЗША.
Аднак патэнцыял Венесуэлы значна большы. «Венесуэла таксама мае запасы прыроднага газу, якія складаюць 73% ад агульных запасаў прыроднага газу ў Паўднёвай Амерыцы. Большая частка выкарыстоўваецца ў асноўным для ўнутранага спажывання. Неабходнай інфраструктуры для экспарту гэтага рэсурсу не хапае», – тлумачыць Катажына Сераціньска.
Для ЗША газавыя кантракты асабліва важныя ў кантэксце пашырэння вытворчасці блакітнага паліва і экспартных магутнасцей.
Аднак вуглевадароды – не адзіны важны рэсурс, да якога амерыканскія горназдабыўныя кампаніі маглі б атрымаць доступ, калі ў Венесуэле зменіцца ўрад. Гэта таксама ключавыя металы для сучасных тэхналогій: жалеза, нікель, золата, колтан і іншая сыравіна, важная для вытворчасці чыпаў і інфраструктуры цэнтраў апрацоўкі дадзеных.
money.pl/ав