Польскі парламент рыхтуе законапраект, накіраваны на стрымліванне непажаданай з'явы на рынку працы — несвоечасовай выплаты заработнай платы. Новыя правілы ўвядуць таксама неадкладнае налічэнне працэнтаў за кожны дзень пратэрміноўкі і больш жорсткія штрафы для працадаўцаў, якія не плацяць своечасова або зусім не плацяць.
Паводле слоў Марціна Станецкага, галоўнага інспектара працы, у цяперашні час, калі работнік не атрымлівае заработнай платы своечасова, ён не мае права на працэнты, калі не звярнецца ў суд.
— Працоўны кодэкс не дае такога права для работнікаў. Работнік можа патрабаваць працэнты за несвоечасовую выплату толькі праз суд. Законапраект прадугледжвае абавязковыя працэнты за несвоечасовую выплату заработнай платы. Гаворка ідзе пра законныя працэнты, як гэта прадугледжана Грамадзянскім кодэксам.
Дзеючая законная працэнтная стаўка складае 9,25% гадавых. Калі гэтыя правілы ўступяць у сілу, працадаўцы, якія не плацяць своечасова, будуць абавязаны плаціць не толькі дадатковыя працэнты, ім пагражаюць значныя штрафы.
— Сённяшні штраф 30 тысяч злотых (7 тыс.150 еўра) будзе заменены на 60 тысяч злотых (14 тыс. 300 еўра), але важна тое, што законапраектам уводзіцца артыкул пра «злачынства нявыплаты заработнай платы» на працягу трох месяцаў.
Затрымка зарплаты або ўвогуле нявыплата, гэта не адзінкавыя сітуацыі, адзначаюць прафсаюзы. Павел Смігельскі, дырэктар юрыдычнага і інтэрвенцыйнага аддзела прафсаюза OPZZ, станоўча ацэньвае гэтыя прапановы і дадае, што своечасовае атрыманне заработнай платы — гэта права кожнага супрацоўніка.
— Сёння несвоечасовая выплата заработнай платы платы — гэта актуальная праблема на польскім рынку працы. Статыстыка Нацыянальнай інспекцыі працы паказвае, што праблема са своечасовай выплатай заработнай платы расце з году ў год. Кампаніі не могуць перакладаць рызыкі, звязаныя з вядзеннем бізнесу або кіраваннем грашовымі патокамі, на супрацоўнікаў, якія таксама маюць фінансавыя абавязацельствы. Таму, на нашу думку, гэта вельмі добрая прапанова для зменаў. Яна, безумоўна, дысцыплінуе несумленных працадаўцаў.
Змены ў правілах выплаты заработнай платы, калі іх прыме парламент, а затым зацвердзіць прэзідэнт, уступяць у сілу 1 студзеня 2027 года.
IAR/яс