Міністэрства клімату і навакольнага асяроддзя хоча ўвесці правілы, якія абавязвалі б уладальнікаў ветрапаркаў ствараць фонды для фінансавання льгот для мясцовых жыхароў.
Згодна з дзеючым заканадаўствам, кампаніі, якія інвестуюць у ветрапаркі, павінны прадаставіць частку запланаванай магутнасці жыхарам муніцыпалітэта, каб яны маглі выступаць у якасці «віртуальных» прасьюмераў (англ. prosumer) — у гэтым выпадку суб’ектаў, якія прадукуюць і спажываюць электраэнергію.
Аднак, на думку аўтараў законапраекта, гэты механізм занадта складаны. Акрамя таго, ён патрабуе ад жыхароў фінансавага ўзносу — больш за 7 000 злотых (амаль 1 628 еўра) за 1 кВт магутнасці.
— Мэта законапраекта — увесці новы механізм кампенсацыі, які будзе простым і, такім чынам, даступным для жыхароў, якія жывуць паблізу ветрапаркаў. Ён не будзе прадугледжваць ніякіх фінансавых выдаткаў з боку жыхароў, — гаворыцца ў тэксце законапраекта.
Згодна з прапановай міністэрства, інвестар будзе абавязаны стварыць фонд для фінансавання льгот для ўладальнікаў будынкаў і жылых памяшканняў, размешчаных у радыусе 1 000 метраў ад ветрапарка.
Фонд будзе дзейнічаць на працягу ўсяго тэрміну працы ўстаноўкі — да атрымання канчатковага дазволу на знос, што на практыцы азначае прыблізна 25 гадоў. Уладальнік ветрапарка павінен штогод уносіць сродкі ў фонд у памеры 20 000 злотых (больш за 4 651 еўра) за кожны 1 МВт усталяванай магутнасці са штогадовай карэкціроўкай на інфляцыю.
Нявыкарыстаныя цягам года сродкі з фонду будуць перадавацца мясцовым муніцыпалітэтам, каб выгады ад інвестыцыі адчувалі не толькі непасрэдныя суседзі ветрапарка, але ўся гміна.
PAP/аз