У сераду, 5 сакавіка, уступае ў сілу «Закон PESEL», які дазваляе збіраць падрабязную інфармацыю аб заробках лекараў на аснове іх нумара PESEL або нумара прафесійнай ліцэнзіі.
Нагадаем, нумар PESEL — гэта ўнікальны лічбавы ідэнтыфікацыйны код фізічнай асобы ў Польшчы, які прысвойваецца як грамадзянам краіны, так і замежнікам адзін раз на ўсё жыццё. Гэты нумар неабходны для вырашэння большасці афіцыйных, фінансавых і паўсядзённых спраў у Польшчы.
Установам, якія не выканаюць гэтага абавязацельства, пагражае штраф, кажа намеснік старшыні Нацыянальнага фонду аховы здароўя Якуб Шульц (Jakub Szulc).
— Максімальная сума штрафу, якую можа накласці Нацыянальны фонд аховы здароўя ў гэтым выпадку, складае 0,5% ад кошту дамовы, заключанай з пастаўшчыком медыцынскіх паслуг. Аднак мы чакаем, што пастаўшчыкі медыцынскіх паслуг будуць старанна выконваць гэтае абавязацельства, гэтак жа дарэчы падобным чынам, як яны рабілі гэта дагэтуль пры перадачы ананімных дадзеных, — заявіў Якуб Шульц.
Першыя дадзеныя аб заробках лекараў будуць сабраны Агенцтвам па ацэнцы медыцынскіх тэхналогій і тарыфнай сістэме ў верасні.
«Закон PESEL» быў уведзены, каб дазволіць уладам кантраляваць з’яву значных дыспрапорцый у сістэме аплаты працы і працы на некалькі ставак у розных месцах. Хуткія тэмпы працы над законам былі выкліканы вядомай справай маладога лекара, які зарабіў каля 1,6 мільёна злотых (больш за 372 тысячы еўра) за адзін год працы ў дзяржаўнай сістэме аховы здароўя. Справа ўсхвалявала грамадскую думку ў Польшчы.
Вышэйшая медыцынская палата рэзка раскрытыкавала закон, назваўшы яго «пагоняй за рэкардсменамі». Лекары сцвярджаюць, што астранамічныя заробкі звязаны з рэзкім дэфіцытам персаналу, які прымушае іх браць велізарную колькасць дзяжурстваў для падтрымання працы дзяржаўных бальніц.
IAR/аз