Скончыўся тэрмін дзеяння ўрадавай праграмы «Цэны на паліва ніжэй» (поль. Ceny paliwa niżej, CPN), якая рэгулявала максімальныя цэны на аўтазапраўках у Польшчы. Праграма дзейнічала толькі часова – цягам двух апошніх тыдняў вакацыяў.
З 1 верасня міністр энергетыкі не вызначае ўжо максімальнай цаны на бензін і нафту, а ПДВ на паліва паўторна вырас з 8% да 23%.
У сувязі з заканчэннем дзеяння праграмы, цягам апошніх дзён на польскіх аўтазапраўках утвараліся чэргі. Кіроўцы хацелі заправіць свой аўтамабіль больш танным палівам:
- Мне гэта трэба і я запраўляюся, але што будзе з цэнамі далей – зараз цяжка сказаць. Аднак людзі будуць ездзіць аўтамабілямі, як і раней, – кажа кіроўца.
Сёння цэны на некаторых аўтазапраўках у Польшчы выраслі нават на 1 злоты ў параўнанні з учарашнім днём.
Кошты на паліва застануцца высокімі, пакуль сітуацыя на Блізкім Усходзе не нармалізуецца, перасцерагае Уршуля Цэсляк(Urszula Cieślak) з кампаніі «Reflex» у Лодзі.
- Толькі значная карэкціроўка цэн на гатовае паліва на сусветных рынках можа прычыніцца да трывалага зніжэння цэн як на бензін, так і на дызельнае паліва. Уладальнікі аўтамабіляў, якія працуюць на аўтагазе знаходзяцца ў найбольш карыснай сітуацыі, бо цэны на згаданае паліва ўпалі ніжэй за 3 злотыя за літр і шмат сведчыць пра тое, што гэтая спрыяльная тэндэнцыя хутка не зменіцца, – лічыць эксперт.
Праграма «Цэны на паліва ніжэй» была ўведзена ў адказ на рэзкі рост цэн на нафту пасля пачатку канфлікту на Блізкім Усходзе. Яна дзейнічала ў два этапы: з канца сакавіка да канца чэрвеня 2026 года і – пасля перапынку – цягам двух апошніх тыдняў вакацыяў, то бок з 17 па 31 жніўня 2026 года.
Агульны кошт праграмы склаў прыблізна 5,2 мільярда злотых (амаль 1 мільярд 204 мільёны еўра), з якіх толькі апошнія два тыдні жніўня каштавалі дзяржаве амаль 500 мільёнаў злотых (амаль 116 мільёнаў еўра).
IAR/аз