І хоць польская эканоміка даволі добра перажывае паліўны крызіс, то калі б не гэта, развіццё магло бы быць яшчэ хутчэйшым. Паводле эканамістаў EY Economic Analysis Team, сукупны ўплыў канфлікту на Блізкім Усходзе на рост ВУП Польшчы да 2027 года складзе — 0,5 працэнтнага пункта. Аднак ёсць тыя, хто лічыць, што пры аптымістычным сцэнарыі польская эканоміка можа вырасці на адзін працэнтны пункт.
Найбольш адчувальныя наступствы цяперашняга крызісу можна знайсці ў так званым прыватным спажыванні. Проста кажучы, калі б не рост цэн на паліва, спажыўцы выдавалі б больш на іншыя тавары, бо ў іх гаманцах заставалася б больш грошай і яны менш турбаваліся пра сваю будучыню.
Ёсць і тыя, хто атрымлівае прыбытак ад гэтага крызісу, прычым даволі высокі. Гаворка пра нафтавыя кампаніі. Польскі канцэрн «Orlen» у першай палове 2026 года атрымаў амаль 16 мільярдаў злотых чыстага прыбытку, у той час як за аналагічны перыяд 2025 года ён быў меншы за 6 мільярдаў злотых.
Гэта таксама азначае, што кампаніі больш заплацілі ў дзяржаўную казну. У першай палове гэтага года — больш за 5,6 мільярда злотых, што амаль удвая больш, чым год таму.
На чым заснаваны гэты рэкордны прыбытак? Эксперты гавораць, што адказ на гэтае пытанне не такі відавочны, як можа здацца. Кампаніі атрымліваюць прыбытак не столькі ад высокіх цэн на паліва або сырую нафту, колькі ад розніцы паміж імі. Гэта так званая маржа за перапрацоўку, якая вызначае, колькі дадзены нафтаперапрацоўчы завод зарабляе на перапрацоўцы сырой нафты.
Аналітык рынку паліва з e-petrol.pl Якуб Багуцкі адзначае, што хоць цэны на нафту ў мінулым былі вышэйшымі, чым сёння, мы ніколі не плацілі столькі на запраўках. Чаму?
— У значнай ступені гэта звязана з праблемамі даступнасці, складанай сітуацыяй, выкліканай канфліктам на Блізкім Усходзе і ўсімі падзеямі, звязанымі з ім: цяжкасцямі ў атрыманні сыравіны, высокім попытам і абмежаваннямі, такімі як санкцыі на гатовую прадукцыю з Расіі, што азначае, што дызельнае паліва ў Еўропе шукаюць у іншых, не расійскіх крыніцах. Усё гэта разам прыводзіць да павышэння цаны, выклікаючы, як мы ўжо казалі, такія высокія цэны на нашых запраўках.
Аналітык дадае, што рынак нафты і рынак паліва насамрэч з'яўляюцца двума асобнымі рынкамі, і таму цэны на нафту і паліва не растуць з аднолькавай хуткасцю і могуць разыходзіцца. Менавіта з такой сітуацыяй сутыкаецца рынак у Польшчы. Гэта выклікае пытанне, напрыклад, ці можа «Orlen» адмовіцца ад часткі сваіх вельмі высокіх марж.
Адказ: не вельмі. Справа ў тым, што цэны на гатовае паліва таксама дэ-факта ўстанаўліваюцца ва ўсім свеце, і адрозненні паміж асобнымі краінамі ў значнай ступені абумоўлены падаткамі і іншымі зборамі, якія спаганяюцца ўрадамі. У выпадку самой маржы на перапрацоўку такія патэнцыйныя зрухі могуць быць невялікія. Такім чынам, як кажа аналітык групы XTB Міхал Стайняк, нават калі б «Orlen» хацеў адмовіцца ад сваёй маржы, ці яе часткі на карысць больш нізкіх цэн на запраўках, ён фактычна не можа гэтага зрабіць.
— Гэта найбольш відавочна ў выпадку з дызельным палівам, якое мы ў значнай ступені вымушаны імпартаваць у Польшчу. І ў той час, калі цэны на дызельнае паліва вельмі высокія на біржах і ў розных перагрузачных цэнтрах, «Orlen», відавочна, павінен дыктаваць падобную цану, каб мець магчымасць імпартаваць гэта дадатковае дызельнае паліва. Па-другое, калі б была магчымасць прадаць гэтае паліва танней, гэта магло б стварыць сітуацыю, калі замежныя кампаніі проста выкупілі б паліва ў Польшчы. Вядома, гэта чыста тэарэтычна, бо рынкавыя ўмовы перашкаджаюць узнікненню такіх сітуацый. Такім чынам, калі хтосьці сцвярджае, што «Orlen» можа прадаваць паліва значна танней, то насамрэч ён проста не можа гэтага зрабіць.
Тым больш, што прыбытак ад маржы вельмі няпэўны, у чым «Orlen», верагодна, у пэўнай ступені сутыкнецца ў бліжэйшы час. Гэта звязана з цяжкасцямі доступу да саудаўскай нафты з-за атакі на трубаправод «Усход-Захад». Каб кампенсаваць гэты дэфіцыт, кампанія была вымушана закупляць нафту на так званым спотавым рынку. Цэны там значна вышэйшыя за бягучыя цэны ў выпадку шматгадовых кантрактаў, якія «Orlen» падпісаў з «Saudi Aramco». Гэтая розніца можа нават перавышаць 60 долараў за барэль, кажа аналітык рынку паліва з Polaris FIS Давід Чопек.
— Платформы, якія дазваляюць такія здзелкі, паказваюць цэны на ўзроўні 130-140 долараў за барэль. Аднак цана на сырую нафту — гэта толькі адзін складнік. Магчыма, гэта будзе так, як гэта адбылося гэтай вясной, калі «Orlen» узяў на сябе выдаткі, звязаныя з больш нізкай маржай на перапрацоўку. Калі «Orlen» будзе плаціць крыху больш высокую цану за сырую нафту «Brandt», ён працягне прадаваць гатовае паліва па цэнах, якія грунтуюцца на сусветных цэнах, але з меншай маржай. Пытанне ў тым, ці не паўплывае гэтая сітуацыя таксама на цэны на гатовае паліва, бо там, дзе заканчваецца трубаправод, знаходзяцца тры буйныя нафтаперапрацоўчыя заводы з перапрацоўчай магутнасцю каля аднаго мільёна барэляў у дзень. Калі трубаправод наогул перастане транспартаваць сырую нафту, гэта азначае, што гэтыя нафтаперапрацоўчыя заводы не будуць яе атрымліваць.
У доўгатэрміновай перспектыве ім давядзецца абмежаваць або цалкам прыпыніць вытворчасць паліва.
Паводле звестак «Bloomberg» са спасылкай на ананімныя крыніцы, «Saudia Aramco», уладальнік трубаправода «Усход-Захад», працуе над праектам па абыходзе гэтага пашкоджанага ўчастка. Чакаецца, што гэта адновіць палову яго магутнасці на працягу некалькіх дзён, а поўную магутнасць — на працягу шасці тыдняў.
Такім чынам, падсумоўваючы, усе хацелі б бачыць зніжэнне цэн на паліва, але прызнаюць, што нічога зрабіць не могуць. Найгоршыя прагнозы кажуць, што да канца года цана дызельная паліва ў Польшчы можа дасягнуць 10 злотых за літр.
Jedynka/ав
слухайце аўдыё