Слухайце эфірны выпуск эканамічнай перадачы!
Людзі хочуць уласны дом, больш прасторы і кавалак зямлі. Але ці сапраўды жыццё за горадам абыходзіцца танней? І колькі сёння каштуе дом у прыгарадзе Варшавы, Уроцлава ці Беластока?
Паводле справаздачы «Мы. Лакальна — 2026», падрыхтаванай парталам Nieruchomosci-online.pl разам з Інстытутам развіцця гарадоў і рэгіёнаў, магчымасць пераезду ў вёску разглядаюць 33 працэнты жыхароў польскіх буйных гарадоў.
Найбольш ахвотных змяніць месца жыхарства ў Гданьску — 44 працэнты. У Кельцах — 39, у Зялёнай Гуры — 37, у Познані — 36 працэнтаў. У Варшаве — толькі чвэрць апытаных.
Чаму вёска зноў прыцягвае гараджан? Важную ролю адыгрываюць лепшыя дарогі і больш даступныя цэны на нерухомасць. Тлумачыць Анна Захара-Відла (Anna Zachara-Widła) з партала Nieruchomosci-online.pl:
— Развіццё дарожнай інфраструктуры дазваляе значна хутчэй дабірацца з прыгарадных раёнаў у цэнтр горада. Яшчэ адзін важны фактар — цэны на нерухомасць. За той самы бюджэт за горадам можна атрымаць значна большую плошчу жытла, участак зямлі, невялікі дом або таўнхаўс, тады як у цэнтры горада за гэтыя грошы можна купіць двух- ці трохпакаёвую кватэру.
Аднак кошт уласнага дома моцна залежыць ад рэгіёна. Паводле Гжэгажа Дэмчышака з партала Rankomat.pl, у прыгарадах Варшавы, напрыклад у Пясэчна, Ламянках, Надажыне ці Атвоцку, дом абыдзецца прыблізна ў 245 – 458 тыс. еўра (ад 1,2 мільёна да 2 мільёнаў злотых).
— Каля Уроцлава цэны пачынаюцца прыкладна з 155,5 тыс. еўра да 206 тыс. еўра (680 тысяч– 900 тыс. злотых) . У Харошчы пад Беластокам новыя дамы і дуплексы каштуюць ад 150 тыс. еўра да 170,5 тыс. еўра (560 да 640 тысяч злотых). а ў Васількаве дуплекс — прыблізна 186 тыс. еўра (каля 700 тысяч), асобны дом — 216 тыс. еўра (каля 810 тысяч злотых). Пад Лоддзю, у Згежы, можна знайсці дамы за 123 тыс. еўра (460–550 тысяч злотых). А дуплекс у Александраве-Лудзкім у стане незавершанага будаўніцтва прапаноўвалі за 124 тыс. еўра (465 тысяч злотых).
Але купля дома — гэта толькі частка выдаткаў. Трэба яшчэ ўкласці грошы ў аздабленне і ўлічыць штодзённыя паездкі на працу: выдаткі на аўтамабіль і паліва або квіткі на грамадскі транспарт.
Да таго ж жыццё ў вёсцы мае свае асаблівасці. Нядаўна польскі ўрад ухваліў законапраект, які павінен абараніць сельскагаспадарчую дзейнасць ад скаргаў суседзяў на шум тэхнікі і непрыемныя вясковыя пахі. Такім чынам, тым, хто марыць пра цішыню за горадам, варта загадзя ўлічыць і гэтыя абставіны.
PR1/яс